БАЖ прыняў удзел у семінары Еўрапарламенту
27 сакавіка Еўрапейскі парламент ладзіў семінар на тэму “Уплыў Еўрапейскага парламенту ў галіне правоў чалавека”. Да ўдзелу былі запрошаныя грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя журналістаў” і лідэр дэмакратычнага руху Беларусі Аляксандр Мілінкевіч – у ліку лаўрэатаў прэміі “За свабоду думкі” імя Андрэя Сахарава за апошнія тры гады.
Як вядома, у 2004 годзе Еўрапарламент уганараваў гэтай узнагародай ГА “БАЖ”, Аляксандр Мілінкевіч стаў лаўрэатам прэміі ў 2006 годзе.
Беларускі бок у семінары прадстаўляў сябра Рады БАЖ Алесь Анціпенка.
У сваёй справаздачы ён не толькі прааналізаваў дзейнасць Еўрапейскага заканатворчага інстытута ў дачыненні да Беларусі, але і выказаў канкрэтныя прапановы па наладжванні больш шчыльных стасункаў паміж Еўрапейскім парламентам і беларускай грамадзянскай супольнасцю.
“Падаецца, што Еўрапейскі парламент разглядае магчымасць больш высокага і больш якаснага супрацоўніцтва з беларускімі недзяржаўнымі арганізацыямі”, – выказаў сваё ўражанне ад семінару Алесь Анціпенка.