У Магілёве затрыманы распаўсюднікі незарэгістраванай газеты "Магілёўскі час"
У Магілёве 25 сакавіка, у Дзень Волі, былі затрыманыя распаўсюднікі маланакладнай незарэгістраванай газеты “Магілёўскі час”.
Прыкладна а палове чацвёртай гадзіны міліцэйскі патруль на чале з намеснікам начальніка Ленінскага РАУС Юрыем Кірыловічам спыніў у цэнтра горада распаўсюднікаў газеты Ганну Ільіну, Марыну Несцераву і Сяргея Стральцова. Да гэтага актывісты паспелі раздаць мінакам амаль 200 асобнікаў выдання, нумар амаль цалкам прысвечаны Дню Волі.
У пастарунку Ленінскага аддзялення міліцыі, куды даставілі распаўсюднікаў недзяржаўнай газеты, міліцыянты налічылі яшчэ 69 асобнікаў газеты. Спачатку капітан Ю.Кірыловіч быў гатовы адпусціць затрыманых разам з газетамі, паколькі ніякіх падстаў для інкрымініравання затрыманым якога-небудзь парушэння не было. Аднак, дазнаўшыся, што самі распаўсюднікі яшчэ з’яўляюцца і рэдактарамі выдання, вырашыў газеты не вяртаць. Быў складзены адпаведны пратакол, распаўсюднікам паабяцалі “далейшага разбіральніцтва”, іх адпусцілі праз 40 хвілін пасля затрымання.
Журналісты, як яны паведамілі службе маніторынгу БАЖ, будуць бліжэйшым часам абскарджваць адабранне газеты праз суд.