Брэсцкія ўлады не задаволеныя ўзроўнем дзяржаўнай прэсы
Стан спраў у дзяржаўнай мясцовай прэсе на прыкладзе дзвюх абласных газет – “Заря” і “Народная трыбуна” аналізавалі падчас апошняга пасяджэння Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта.
Справаздачу па гэтым пытанні зрабіў начальнік упраўлення ідэалагічнай работы Брэсцкага аблвыканкаму Аляксандр Рагачук. Паводле яго словаў, выдаткі на падтрымку дзяржаўных выданняў з кожным годам растуць (у тым ліку з абласнога бюджэту), але змест гэтых газет не адпавядае патрабаванням часу. У выніку рэдакцыі не могуць захаваць альбо павялічыць наклад сваіх выданняў.
Найбольш крытыкі падчас пасяджэння аблвыканкаму прагучала ў адрас кіраўніцтва старэйшай абласной газеты “Заря”. Абмеркаванне скончылася высновай, што цяперашні рэдактар газеты Адам Ліпскі не адпавядае займаемай пасадзе.