Разгляд касацыі па справе "Витебского курьера" прызначаны на 26 сакавіка
Касацыйную скаргу заснавальніка недзяржаўнай газеты “Витебский курьер М” прыняў да разгляду Вышэйшы гаспадарчы суд Рэспублікі Беларусь.
Касацыйная калегія Вышэйшага гаспадарчага суда таксама прыпыніла выкананне патрабавання вызваліць арандуемыя памяшканні, паводле рашэння папярэдніх судовых разбіральніцтваў, “да заканчэння вытворчасці па справе ў касацыйным парадку”. Гэта азначае, што “Витебский курьер” мае права заставацца ў арандуемым офісе па крайняй меры пакуль не адбудзецца разгляд скаргі.
Судовае разбіральніцтва прызначана на 11 гадзін раніцы 26 сакавіка ў памяшканні Вышэйшага гаспадарчага суда па адрасе: г. Мінск, вул. Валадарскага, 8.
ЗАТ “Выдавецкі дом “Витебский курьер” абскардвае рашэнне аб прызнанні несапраўднай дамовы арэнды памяшканняў рэдакцыяй газеты ў віцебскага прадпрыемства “Элсан”, вынесенае гаспадарчым судом Віцебскай вобласці і пазней падмацаванае пастанаўленнем апеляцыйнай інстанцыяй гэтага ж суда.
Нагадаем, 10 студзеня 2007 года суддзя гаспадарчага суда Віцебскай вобласці Вольга Гаціла задаволіла зыск прадпрыемства “Элсан” да газеты “Витебский курьер М” аб прызнанні несапраўднай дамовы арэнды. 12 лютага 2007 года апеляцыйны суд Віцебскай вобласці адхіліў скаргу заснавальніка недзяржаўнай газеты “Витебский курьер М” і пакінуў без змяненняў рашэнне гаспадарчага суда Віцебскай вобласці.