Недзяржаўную газету "Брестский курьер" выклікалі ў суд за перадрук пародыі
Недзяржаўную газету “Брестский курьер” выклікаў у суд брэстчанін Леанід Валабуеў. Падставай для судовага разбіральніцтва стала публікацыя гумарыстычнай нататкі “Песнь о Волобуеве”, надрукаванай у газеты ў нумары ад 8 лютага 2007 года.
Як заяўляе ў зыску аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі Леанід Валабуеў, газета распаўсюдзіла такім чынам пра яго “паклёпніцкія звесткі, якія выказаныя ў неадпавядаючай сапраўднасці інфармацыі”.
Далей ён цытуе ў зыскавай заяве, якія менавіта звесткі з “Песни о Волобуеве”, надрукаванай у забаўляльнай рубрыцы “Перакурчык”, зневажаюць яго гонар і годнасць: “...Об окурки спотыкаясь, прётся пьяный Волобуев… с незастёгнутой ширинкой… он прячет окровавленные деньги… вот убийца робко прячет тело мертвое в багажник… он хозяин переулка, он нострадамит помаленьку… то кричит пророк похмелья”.
Спадар Валабуеў патрабуе праз суд, каб газет апублікавала абвяржэнне і словы прабачэння, а таксама патрабуе кампенсаваць яму маральную шкоду ў памеры 2 мільёнаў беларускіх рублёў і ануляваць пасведчанне аб рэгістрацыі газеты “Брестский курьер”.
Дырэктар ТАА “Рэдакцыя газеты “Брестский курьер” і галоўны рэдактар Мікалай Аляксандраў у сваім пярэчанні на зыскавую заяву звяртае ўвагу на тое, што спрэчная публікацыя – пародыя на іншую асобу, яна была першапачаткова надрукавана ў расійскім часопісе “Игра” ў 2002-м годзе і распаўсюджана праз інтэрнэт, – паведамляе служба маніторынгу БАЖ.
“На гэтай падставе, у адпаведнасці з артыкулам 47 Закона РБ “Аб друку і іншых СМІ” рэдакцыя не нясе адказнасці за публікацыю звестак, якія з’яўляюцца даслоўным пераказам паведамленняў і матэрыялаў, распаўсюджанных іншым сродкам масавай інфармацыі”, – звяртае увагу М. Аляксандраў і просіць суд цалкам адхіліць патрабаванні аўтара зыскавай заявы.
Аднак спасылкі рэдакцыі, што нататка тычылася зусім іншай асобы, Леанід Валабуеў, урач па прафесіі, лічыць “беспадстаўнымі”: “У горадзе Брэсце маё прозвішча рэдкае, калі не адзінае. Я працую ў шпіталі, мае хворыя мяне добра ведаюць”, – сцвярджае ён у зыску.
Прызначаны на 13 сакавіка разгляд судовай справы па зыску Леаніда Валабуева да газеты “Брестский курьер” не адбыўся.
Перад пачаткам судовага пасяджання высветлілася, што жонка Валабуева з’яўляецца народным засядацелем у судзе Ленінскага раёну г.Брэста, дзе і павінна была разглядацца справа. Таму суддзя А.Васілюк прыняў рашэнне спыніць разгляд справы і перадаць яе ў суд Маскоўскага раёну г. Брэста.