"Рэпарцёры без межаў" заклапочаныя з-за пашырэння гвалту у дачыненні жанчын-журналістаў


«Рэпарцёры без межаў» выказваюць заклапочанасць, што ўсё больш жанчын-журналістаў падвяргаюцца ў свеце гвалту. Жанчыны-журналісты становяцца ахвярамі забойстваў, іх арыштоўваюць і запалохваюць, – паведамляецца ў заяве, прымеркаванай да Міжнароднага жаночага дня.

«Рэпарцёры без межаў» выказваюць заклапочанасць, што ўсё больш жанчын-журналістаў падвяргаюцца ў свеце гвалту. Жанчыны-журналісты становяцца ахвярамі забойстваў, іх арыштоўваюць і запалохваюць, – паведамляецца ў заяве, прымеркаванай да Міжнароднага жаночага дня.

На думку экспертаў журналісцкай правааборнчай арганізацыі, звязана гэта як з тым, што ўсё больш жанчын у свеце становяцца журналістамі, так і з тым, што расце колькасць прадстаўніц слабага полу, якіх на небяспечныя заданні адпраўляюць рэдакцыі. Усё часцей журналісткі вядуць і небяспечныя расследаванні ў сваіх краінах.

У сувязі з надыходзячым Міжнародным жаночым днём арганізацыя “Рэпарцёры без межаў” падкрэслівае “адвагу жанчын, якія змагаюцца за свабоду слова і прэсы” ў Тунісе, Туркменістане, Казахстане, Беларусі і Іарданіі.

«Па дадзеных 2006 года з 82 загінулых у свеце журналістаў на жанчын прыходзіцца 9 выпадкаў, што складае 11 адсоткаў ад усіх ахвяр. Найбольш небяспечнымі для працы журналістак застаюцца краіны Блізкага Усходу і Цэнтральнай Азіі. У турмах за сваю дзейнасць у СМІ цяпер знаходзіцца 7 жанчын-журналістаў (у прыватнасці, у Шры-Ланке, Эрытрэі, Эфіёпіі, Узбекістане, Іраку і Руандзе)», – прыводзяць вынікі «Рэпарцёры без межаў».

Асобным радком аўтары даследавання згадваюць праваабаронцу і журналістку з “Новой газеты” Ганну Паліткоўскую, застрэленую ў пад’ездзе ўласнага дому ўвосень 2006 года. Аўтары “схіляюць галаву перад такімі жанчынамі”, якія, рызыкуючы жыццём, “выходзяць за рамкі сваіх прафесійных абавязкаў, абараняючы правы грамадзянаў” ад беззаконня.

2006 год стаў самым складаным для жанчын, якія працуюць журналістамі на постсавецкай прасторы. Так у верасні ў туркменскай турме сканала Агульсапар Мурадава, працаваўшая карэспандэнтам на радыё “Свобода” і арыштаваная ў чэрвені пасля серыі крытычных рэпартажаў і ўдзелу ў здымках дакументальнага фільма аб Туркменіі.

У суседнім Узбекістане праваабаронца і журналістка Уміда Ніязава з канца студзеня знаходзіцца за кратамі. Ёй пагражае тэрмін ад 5 да 10 гадоў за распаўсюджванне інфармацыі аб колькасці ахвяр расстрэлу мітынгу апазіцыі ў Андзіжане.

Эксперты адзначаюць і няпростую сітуацыю для жанчын-журналістаў у суседнім Афганістане, дзе артадоксы дамагаюцца ўвядзення абмежаванняў для працы жанчын на тэлебачанні, а таксама імкнуцца прымусіць слабы пол насіць традыцыйную вопратку (хіджаб).

Арганізацыя асабліва вылучае ў гэтай сферы дзейнасць жанчын з Ірана і Саудаўскай Аравіі, якія развіваюць блогерскую дзейнасць (інтэрнэт-дзённікі). У такіх блогах распаўсюджваецца інфармацыя, недаступная ў мясцовых СМІ (напрыклад, там вядзецца свабодная дыскусія аб рэлігіі). Нядаўна ў Ісламскай рэспубліцы за такую інтэрнэт-актыўнасць былі арыштаваныя каля 20 жанчын, паведамляюць “Рэпарцёры без межаў”.