Выйшла з друку новая кніга сябра БАЖ Сяргея Чыгрына "У пошуках слонімскіх скарбаў"


На мінулым тыдні выйшла ў свет новая кніга нашага калегі, пісьменніка і намесніка галоўнага рэдактара "Газеты Слонімскай" Сяргея Чыгрына "У пошуках слонімскіх скарбаў".

На мінулым тыдні выйшла ў свет новая кніга нашага калегі, пісьменніка і намесніка галоўнага рэдактара “Газеты Слонімскай” Сяргея Чыгрына “У пошуках слонімскіх скарбаў”.

Кнігу накладам 200 асобнікаў надрукавала выдавецтва “Кнігазбор”.

У 36 гісторыка-краязнаўчых і літаратурных нататках аўтар расказвае пра знакамітых і выбітных землякоў, згадвае гістарычныя і культурныя каштоўнасці Слонімшчыны, які захаваліся да гэтага часу, і тыя скарбы, што на працягу апошніх трохсот гадоў зніклі з нашай з зямлі.

У новай кнізе Сяргея Чыгрына чытач даведаецца, хто збудаваў Жыровіцкі ўніяцкі манастыр у Жыровічах, і хто пазней у тым жа манастыры спальваў уніяцкія старадрукі, прачытае пра назвы слонімскіх вуліц і тых асобаў, у гонар якіх гэтыя вуліцы названы, пазнаёміцца са спісам каштоўных экспанатаў, сабраных у свой час заснавальнікам слонімскага музея Язэпам Стаброўскім і бясследна зніклых ужо пасля апошняй вайны, і шмат пра што яшчэ.

Героямі гэтай кнігі сталі грамадскія, дзяржаўныя і культурныя дзеячы, пісьменнікі, навукоўцы і святары, лёс якіх так ці інакш у розныя часы быў звязаны са Слонімшчынай, а таксама простыя людзі.

Напісаная ў форме літаратурных і краязнаўча-гістарычных нарысаў (ці, як называе аўтар, нататак) кніга Сяргея Чыгрына “У пошуках слонімскіх скарбаў” лёгка чытаецца і можа служыць добрым дапаможнікам у вывучэнні гісторыі роднага краю для моладзі і ўсіх зацікаўленых. Набыць гэтае выданне можна ў краме “Кнігі” на Першамайскай вуліцы ў Слоніме.