Часопіс "ARCHE" атрымаў два папярэджанні ад Мінінфармацыі


Рэдакцыя недзяржаўнага літаратурна-мастацкага і навукова-папулярнага часопіса "ARCHE. Пачатак" атрымала адразу два папярэджанні аб парушэнні закона "Аб друку і іншых СМІ". Мінінфармацыі палічыла парушэннем заканадаўства, тое, што рэдакцыя часопіса надрукавала ў снежні 2006 года пасля трохмесячнага прыпынення адразу тры прапушчаныя нумары - за кастрычнік, лістапад і снежань.

Рэдакцыя недзяржаўнага літаратурна-мастацкага і навукова-папулярнага часопіса "ARCHE. Пачатак" атрымала адразу два папярэджанні аб парушэнні закона “Аб друку і іншых СМІ”. Мінінфармацыі палічыла парушэннем заканадаўства, тое, што рэдакцыя часопіса надрукавала ў снежні 2006 года пасля трохмесячнага прыпынення адразу тры прапушчаныя нумары – за кастрычнік, лістапад і снежань.

Папярэджанне за № 29 вынесена заснавальніку выдання на падставе артыкулу 16 Закону друку “за тое, што не было пісьмова ў месячны тэрмін паведамлена ў Міністэрства інфармацыі аб змяненні перыядычнасці выхаду часопісу ARCHE (па ўмовах рэгістрацыі штомесячнік, але ў снежні 2006 г. былі выпушчаныя тры нумары – №10 12) для ўнясення адпаведнага змянення ў пасведчанне аб рэгістрацыі выдання, што з’яўляецца парушэннем артыкулу 11 "Закону Рэспублікі Беларусь аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі".

Папярэджанне № 30 выносіцца рэдакцыі часопісу за парушэнне артыкулу 16 Закону аб друку. "Па ўмовах рэгістрацыі "ARCHE" ёсць штомесячным перыядычным выданнем. Аднак у парушэнне ўмоваў яго рэгістрацыі рэдакцыя на працягу снежня 2006 г. выпусціла тры нумары часопісу (10 12) без паведамлення ва ўстаноўленым парадку Міністэрства інфармацыі аб змене перыядычнасці выпуску выдання. Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь папярэджвае рэдакцыю часопісу аб недапушчальнасці парушэння арт. 10 і 11 Закону РБ аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі", – паведамляецца на сайце “Нашай Нівы”.

Дакументы датаваныя 12 лютага і падпісаныя першым намеснікам міністра інфармацыі Ліліяй Ананіч. Зараз выхад часопіса можа быць ізноў прыпынены.

Па словах Андрэя Бастунца, намесніка старшыні БАЖ, “па такой логіцы Мінінфармацыі магло вынесці гэтае папярэджанне часопісу ARCHE адразу як прыпыніла яго дзейнасць на тры месяцы”.

“Я б раіў шукаць карані гэтых папярэджанняў у змесце апошніх нумароў ARCHE, а не ў датах іх выхаду”, – выказаў свае меркаванне галоўны рэдактар часопіса "ARCHE. Пачатак" Валеры Булгакаў. Паводле яго слоў, рэдакцыя была вымушана выдаць некалькі нумароў цягам аднаго месяца, каб выканаць абавязкі перад падпісчыкамі, а таксама захаваць дамову на распаўсюд праз “Белпошту”.
Нагадаем, 19 верасня 2006 г. Мінінфармацыі вынесла часопісу ARCHE папярэджанне за парушэнне артыкулу №11 Закону аб друку (змена тэматыкі (спецыялізацыі) выдання) і прыпыніла выхад часопіса на тры месяцы.

Тады ў віну ставілася, што, апублікаваўшы матэрыялы грамадска-палітычнага характару, часопіс змяніў (спецыялізацыю) і не паведаміў аб гэтым у Мінінфармацыі (паводле заканадаўства) для ўнясення адпаведнага змянення ў рэгістрацыйнае пасведчанне.