Бібліятэка хоча, але не можа выпісваць недзяржаўную газету


Недзяржаўную рэгіянальную газету "Витебский курьер М" абласная бібліятэка не можа выпісваць пры ўсім жаданні на тое, – вынікае з афіцыйнага ліста начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Мікалая Пашынскага, які атрымаў на гэтым тыдні сябра праваабарончай арганізацыі "Беларускі Хельсінскі Камітэт" Павел Левінаў.

Недзяржаўную рэгіянальную газету “Витебский курьер М” абласная бібліятэка не можа выпісваць пры ўсім жаданні на тое, – вынікае з афіцыйнага ліста начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Мікалая Пашынскага, які атрымаў на гэтым тыдні сябра праваабарончай арганізацыі “Беларускі Хельсінскі Камітэт” Павел Левінаў.

Як распавёў прэс-службе БАЖ спадар Левінаў, да яго, як да прадстаўніка БХК у Віцебскай вобласці, пачалі звяртацца віцебляне са скаргамі, што ў чытальных залах бібліятэк горада немагчыма пагартаць газету “Витебский курьер”. Паводле гараджан, гэта парушае іх грамадзянскія правы на атрыманне інфармацыі.

“Я наведаўся ў абласную бібліятэку і ўпэўніўся, што газеты сапраўды няма ў чытальнай зале. На маё пытанне, чаму не выпісваюць гарадскую газету “Витебский курьер”, супрацоўніцы адказалі: “На вялікі жаль, гэта не ад нас залежыць, а газету сапраўды вельмі часта просяць наведвальнікі”, – расказаў Павел Левінаў. – Я зрабіў запіс у кнізе водгукаў, дзе папрасіў улічыць пажаданні чытачоў і мець у бібліятэцы таксама падшыўку “Витебского курьера”.

Кіраўніцтва Віцебскай абласной бібліятэкі пісьмова адказала, што гэта пытанне не ў яго кампетэнцыі, і прапанавала праваабаронцу звярнуцца ва ўпраўленне культуры аблвыканкама.

“Бібліятэка пры ўсім жаданні не мае магчымасці выпісваць усе перыядычныя выданні, якія друкуюцца ў рэспубліцы і бліжэйшым замежжы”, – заявіў у сваім адказе кіраўнік ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама. І далей паведаміў, што, “не гледзячы на абмежаванасць бюджэтных сродкаў”, абласная бібліятэка выпісала 713 выданняў.

“Пастараюся знайсці грашовыя сродкі, каб падпісаць абласную бібліятэку на “Витебский курьер”, – расказаў Павел Левінаў. Ён выказаў намер звярнуцца ва ўпраўленне культуры з прапановай аказаць ім такую дапамогу.

У лісце начальніка ўпраўлення культуры адзначаецца, што бібліятэка, робячы падпіску, арыентуецца на выданні, якія выходзяць вялікімі накладамі. На яго думку, гэта значыць – карыстаюцца попытам у чытачоў.

“Наклад газеты “Витебский курьер М” складае 1500, любы жадаючы мае магчымасць падпісацца ў прыватным парадку на дадзенае выданне альбо ж азнаёміцца ў рэдакцыі з публікацыямі газеты”, – сцвярджае Мікалай Пашынскі.

Нагадаем, што з пачатку 2006 года “Витебский курьер” немагчыма выпісаць праз каталог “Белпошты”. Напрыканцы 2005 года дзяржаўнае паштовае прадпрыемства-манапаліст адмовілася распаўсюджваць газету і выключыла разам з шэрагам іншых недзяржаўных выданняў з падпіснога каталога. “Белсаюздрук” у гэты ж час адмовіўся прадаваць газету ў сваіх кіёсках.

Газета страціла шляхі распаўсюду, і гэтая акалічнасць вымусіла рэдакцыю “Витебского курьера” знізіць наклад. А ў адрозненні ад афіцыйных выданняў “ВК” не атрымлівае фінансавай падтрымкі ад дзяржавы.