Выйшлі з друку магілёўскія самвыдатаўскія газеты "Маразм жыцця" і "Наш Магілёў"
У Магілёве выйшаў з друку і разыходзіцца па руках прыхільнікаў чарговы нумар самвыдатаўскай газеты (ці хутчэй – бюлетэню) “Маразм жыцця”. Газета не належыць якой-небудзь грамадскай ці іншай арганізацыі, а з’яўляецца перыядычным выданнем нефармальнай групы творчай моладзі.
Прыкладна раз на тры месяцы выдаўцы і аўтары бюлетэню радуюць сваіх прыхільнікаў свежым нумарам. Як правіла, усе нумары прысвечаны падзеям гарадскога культурніцкага жыцця. Гэтым разам дэвізам нумару абраны заклік: “У новы год з старым маразмам!”
Тэматыка выдання ахапіла сабой ня толькі традыцыйныя агляды магілёўскіх музычных, мастацкіх і тэатральных падзей, але і прапанавала свае развагі з сатырычнага пункту погляду на актуальныя тэмы апошніх дзён. Вызначаюцца тэмы газава-нафтавага канфлікту з Расіяй і перспектывы беларуска-кітайскай інтэграцыі.
Першай тэме прысвечаны агляд пад красамоўным загалоўкам “Гутарка паміж Сашам і Ваванам”, а другой – пад не менш выразным “Паміж сном і яваю”.
Тым часам зараз у горадзе высілкамі грамадскіх актывістаў распаўсюджваецца і свежы нумар яшчэ адной незарэгістраванай маланакладнай газеты “Наш Магілёў”, які амаль цалкам прысвечаны асвятленню хады і вынікаў нядаўняй выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы.