Кіраўніцтва БАЖу сустрэлася з новымі сябрамі арганізацыі
Грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя журналістаў” папоўнілася новымі сябрамі. Гэта пераважна маладыя журналісты, якія працуюць у беларускіх інтэрнэт-выданнях, а таксама нацыянальных і рэгіянальных газетах.
У студзені на пасяджэннях Праўлення БАЖ было разгледжана каля 30 заяваў ад жадаючых уступіць у арганізацыю.
Кіраўніцтва БАЖу сустрэлася на мінулым тыдні з новымі чальцамі, прадстаўнікамі молодзевай суполкі, каб пазнаёміцца, абмеркаваць сумесныя праграмы і ўдзел новых сябраў у жыцці арганізацыі.
Старшыня БАЖ Жанна Літвіна прывітала моладзь. “Мы – калегі, якія сабраліся на сяброўскай сустрэчы. Мы цікавыя і карысныя адзін аднаму. Мы рады, што нашыя шэрагі папаўняюцца маладымі сябрамі. Для нас гэта важна, – адзначыла старшыня журналісцкай арганізацыі. – Кіраўніцтва БАЖ гатовае адказаць на вашыя пытанні і выслухаць прапановы”.
Жанна Літвіна распавяла новым сябрам аб арганізацыі: накірунках і прыярытэтах дзейнасці БАЖу, пра тое, што зроблена за больш як 11 гадоў існавання асацыяцыі.
“Прытрымлівацца ў сваёй працы “Дэкларацыі прынцыпаў прафесійнай этыкі беларускіх журналістаў і СМІ”, пад якой вы ставілі подпіс уступаючы ў нашу арганізацыю – абавязковая ўмова для сябраў БАЖ”, – падкрэсліла Жанна Літвіна.
На пытанні новых чальцоў адказалі намеснік старшыні Андрэй Бастунец, галоўны рэдактар газеты “Белорусы и рынок” Вячаслаў Хадасоўскі. Прафесар ЕГУ Эдуард Мельнікаў расказаў пра існуючыя магчымасці атрымаць альбо ўдасканаліць прафесію.
Маладыя чальцы расказалі чым яны кіраваліся ўступаючы ў БАЖ: “Было жаданне далучыцца да каманды прафесіяналаў, мець магчымасць кантактаваць з вопытнымі журналістамі, вучыцца ў іх. Мы бачым патэнцыял міжнароднага супрацоўніцтва БАЖу, гэта таксама вабіць. Ёсць многа чаканняў і памкненняў. Калі ад нас чакаюць аддачы, таксама выдатна”, – адзначыла новы сябар БАЖ Ірына Віданава.
Моладзь выказала жаданне прымаць удзел у адукацыйных праграмах. Таму на сустрэчы было вырашана спецыяльна для маладых журналістаў наладзіць рэгулярныя пасяджэнні “Прэс-клуба” – сустрэч з вядомымі беларускімі журналістамі, галоўнымі рэдактарамі, вядомымі рэжысёрамі. Асабліва запатрабаванымі аказаліся юрыдычныя кансультацыі.
Дамовіліся, што маладыя бажаўцы ў сваю чаргу падрыхтуюць спецыяльны выпуск часопіса “Абажур”.