Спартыўная газета "Прессбол" атрымала папярэджанне ад Мінінфармацыі


Недзяржаўная спартыўная газета "Прессбол" атрымала папярэджанне ад Міністэрства інфармацыі.

Недзяржаўная спартыўная газета «Прессбол» атрымала папярэджанне ад Міністэрства інфармацыі.

У выходных даных пазначаны няпоўны адрас рэдакцыі, а галоўным рэдактарам пазначаны не кіраўнік УП «Прессбол» – дырэктар Юры Арлоў, а іншая асоба – галоўны рэдактар Уладзімер Беражкоў, – паведамляецца ў папярэджанні за подпісам намесніка міністра Ліліі Ананіч.

Але ў адпаведнасці са статутам УП «Прессбол плюс» у прадпрыемстве прадугледжвае дзве кіраўнічыя пасады: дырэктар і галоўны рэдактар. Адразу пасля атрымання папярэджання ў Міністэрства інфармацыі была накіраваная скарга, але адказу адтуль няма да гэтай пары, – паведаміў карэспандэнту “Нашай Нівы” галоўны рэдактар газеты Уладзімер Беражкоў.

На думку праваабаронцы Андрэя Бастунца, намесніка старшыні БАЖ, сапраўды артыкул 20 Закона аб друку прадугледжвае, што рэдакцыю павінен узначальваць галоўны рэдактар. “Але, гэта палажэнне Закона аб друку і іншых СМІ, а дакладней, тое, як яго трактуе Мінінфармацыі, не адпавядае Грамадзянскаму кодэксу. Тым не менш, Міністэрства інфармацыі патрабуе, каб рэдактар з’яўляўся кіраўніком”, – пракаментаваў сітуацыю прэс-службе БАЖ Андрэй Бастунец.

Нагадаем, у 2004 г. газета «Прессбол» атрымала папярэджанне, за публікацыю коміксаў пра Сашу і Сірожу, тады газеце паставілі ў віну, што персанажы няправільна размаўляюць па-руску.

Таксама ў 2004 годзе газета і яе галоўны рэдактар былі вымушаны выплаціць паводле рашэнне суда 40 мільёнаў рублёў міністру фінансаў М. Корбуту.