"Тэхнічныя праблемы" ці цэнзура перашкодзілі расійскай службе "Еўраньюс" ладзіць прамую трансляцыю?


Расійская служба тэлеканала "Еўраньюс" не паказала, як анансавала перад гэтым, у прамым эфіры ўзнагароджанне Аляксандра Мілінкевіча прэміяй імя А. Сахарава “За свабоду думкі” на сесіі Еўрапарламенту і выступ беларускага лідэра перад еўрапейскімі дэпутатамі.

Расійская служба тэлеканала “Еўраньюс” не паказала, як анансавала перад гэтым, у прамым эфіры ўзнагароджанне Аляксандра Мілінкевіча прэміяй імя А. Сахарава “За свабоду думкі” на сесіі Еўрапарламенту і выступ беларускага лідэра перад еўрапейскімі дэпутатамі.

“Прамой трансляцыі цырымоніі ўзнагароджання Мілінкевіча на нашым канале перашкодзіў страйк тэхнічнага персаналу Еўрапарламенту”, – паведамлялася пазней у завяршэнні кароткага сюжэта на гэтую тэму, працягласцю каля 50 секунд, у эфіры тэлеканала.

Але ў эфіры англамоўнай службы Еўраньюс” прамая трансляцыя цырымоніі ладзілася, і праблемы з тэхнічным персаналам не згадваліся, – распавялі прэс-службе БАЖ гледачы англамоўнай версіі тэлеканала. – Тэхнічныя работнікі парламента сапраўды страйкавалі, але гэта арганізацыйнае і зусім не палітычнае пытанне, і гэта не перашкодзіла іншым тэлеканалам рабіць здымкі.

12 снежня, у дзень уручэння ўзнагароды, тэлесюжэт у эфіры расійскай службы тэлеканала “Еўраньюс” пра ўганараванне А.Мілінкевіча выйшаў не сярод галоўных навін дня, а апошняй навіной ў рубрыцы “Коратка аб іншых падзеях” пасля рэпартажу пра затрыманне ў Іспаніі людзей падазроных у тэрарызме.
Сёння раніцай сюжэт быў “пасунуты” па важнасці падзей яшчэ далей і выйшаў пасля эканамічных навін, дзесьці паміж ранішнім аглядам прэсы і спартыўнымі навінамі.

Між тым, як адзначае “АФН”, гэта не першы выпадак “аБТэшвання” тэлеканала “Еўраньюс”. У сакавіку 2006 года пры асвятленні паслявыбарных падзей у Беларусі, тэлерэпатажы на англійскай і рускай мове агучваліся рознымі тэкстамі – у рускамоўнай версіі навіны нівеліраваліся, не называліся важныя факты і лічбы.