У Віцебску распаўсюдніка недзяржаўных газет "прыбралі" з вачэй высокага начальства
У Віцебску ў дзень прыезду ў горад беларускага прэм’ер-міністра С. Сідорскага ў чарговы раз быў затрыманы і аштрафаваны распаўсюднік недзяржаўнай прэсы Барыс Хамайда.
8 снежня Б.Хамайда як звычайна распаўсюджваў недзяржаўныя газеты – “Народную волю”, “Нашу Ніву”, “Свабоду” – ў цэнтры горада каля так званага “сіняга дома” на вуліцы Леніна. Прыкладна ў 12 гадзін дня да яго падышлі два міліцыянеры ў чыне капітанаў, яны загадалі Хамайдзе сабраць газеты і адвезлі яго ў пастарунак.
У аддзяленні міліцыі Чыгуначнага раёна Віцебска спадара Хамайду пратрымалі каля трох гадзін і склалі на яго акт аб парушэнні артыкула 148 Адміністратыўнага кодэксу (гандаль у неналежным месцы). Суд Чыгуначнага раёна аштрафаваў Барыса Хамайду на палову базавай велічыні (15.500 рублёў).
Пасля вызвалення Барыс Хамайда вярнуўся на свае звычайнае месца працы – да “сіняга дому”, які знаходзіцца насупраць Летняга амфітэатра, дзе традыцыйна летам ладзіцца фестываль “Славянскі базар”.
Цікавая акалічнасць – менавіта ў той час, калі Б.Хамайда знаходзіўся ў пастарунку, прэм’ер-міністр С.Сідорскі, наведваўся паглядзець як вядзецца будоўля даху над летнім амфітэатрам.
Распаўсюдніка недзяржаўнай прэсы Барыса Хамайду толькі сёлета затрымлівалі і штрафавалі паводле артыкула 148 АК больш за дзесяць разоў. А ў ліпені падчас “Славянскага базару” Б. Хамайда быў заключаны пад арышт па гэтым артыкуле на двое сутак.
Нагадаем, адпаведна беларускагаму заканадаўству, распаўсюджанне друкаваных СМІ не падпадае пад нормы гандлю ў вызначаным месцы. А згодна з Законам аб друку не дапускаецца стварэнне абмежаванняў распаўсюду СМІ, у тым ліку – перашкод гандлю прэсай з рук.