Фотакарэспандэнта "Нашай Нівы" прымусілі выдаліць кадры з тварамі міліцыянераў
Фотакарэспандэнт газеты "Наша Ніва" Юлія Дарашкевіч была ўчора затрымана супрацоўнікамі спецназу. Гэта адбылося падчас захопу спецназаўцамі моладзевых актывістаў, якія сабраліся ў двары прыватнага дома ў Магілёве.
"У двор уварваліся байцы, яны скамандавалі моладзі стаць у шарэнгу, рукі пакласці на плечы адзін-аднаму, і выходзіць з двара да аўтобуса. Я і Алесь Буракоў, карэспандэнт "Радыё Рацыя" адразу адышлі ў бок, у нас абодвух на шыі віселі прэсавыя карты, - расказала Юля Дарашкевіч прэс-службе БАЖ. - Я па магчымасці спрабавала рабіць здымкі затрымання, але міліцыянеры перашкаджалі - закрывалі рукамі аб'ектыў камеры: "Вы не маеце права нас здымаць - мы супрацоўнікі спецслужбы". Пасля таго, як усіх пагрузілі, мне паведамілі, што я таксама затрымана, і правялі ў аўтобус, пры гэтым адмовіліся назваць сябе, забаранілі карыстацца мабільным тэлефонам."
Журналістку і моладзевых актывістаў (каля 20 чалавек) спецназаўцы адвезлі ў Ленінскі РАУС Магілёва. Юлію Дашкевіч адразу вызваў да сябе старшы прапаршчык Аўдееў і запатрабаваў выдаліць з фотакамеры здымкі, матываваўшы, што байцоў спецназу здымаць забаронена, і паабяцаў адразу пасля гэтага адпусціць. На пытанне Юліі, што будзе, калі яна адмовіцца сцерці кадры, ён адказаў, што ў такім выпадку выклікае спецыялістаў, і гэта будзе зроблена без яе. Пасля таго, як пад наглядам міліцыянера журналістка выдаліла фотаздымкі з памяці камеры, яе пратрымалі яшчэ каля дзвюх гадзін у аддзяленні міліцыі, за гэты час двойчы перапісалі пашпартныя данныя. "Але ў параўнанні з нядаўнім затрыманнем у Бабруйску міліцыянеры хоць вялі сябе больш-менш ветліва", - зазначыла Юля Дарашкевіч напрыканцы размовы.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"