Чарговы зыск да недзяржаўнай газеты
Судовая справа ў дачыненні да недзяржаўнай газеты "Intex-press" разглядалася сёння ў Баранавічах. З зыскам супраць газеты звярнуўся дырэктар мясцовай фабрыкі па вытворчасці абутку Вячаслаў Тумашчык, які палічыў, што нататка пад загалоўкам "Артыкул за "добрыя" цэны", надрукаваная ў нумары газеты ад 22 чэрвеня 2006 года ў рубрыцы "Служба 02", зневажае яго гонар і годнасць.
У нататцы, падрыхтаванай паводле паведамлення прэс-службы Баранавіцкага ГАУС і аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Брэсцкага аблвыканкама, было сказана, што пракуратура г. Баранавічы ўзбудзіла крымінальную справу ў дачыненні да дырэктара ААТ "Баранавіцкая абутковая фабрыка" за злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі.
Вячаслаў Тумашчык, у сваю чаргу, у зыскавай заяве сцвярджаў, што ён ніколі не прыцягваўся да адказнасці і патрабаваў ад выдання абвергнуць інфармацыю, а таксама выплаціць за маральныя пакуты 10 мільёнаў рублёў.
Суд выслухаў бакі і прыняў рашэнне адкласці слуханні справы на 16 жніўня. Адзначалася, што інфармацыя, выкладзеная ў газеце, адпавядае рэчаіснасці. На наступнае пасяджэнне ў якасці суадказчыкаў у суд выклікаюць міліцыю.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"