Крымінальная справа аб збіцці журналіста Алега Улевіча ўзноўлена
Мінская гарадская пракуратура адмяніла пастанову аб прыпыненні папярэдняга расследавання па факту збіцця карэспандэнта газеты "Комсольская правда в Белоруссии" Алега Улевіча. Гэта стала рэакцыяй на скаргу, якую напісаў журналіст у пракуратуру пасля таго як атрымаў паведамленне аб прыпыненні расследавання. У лісце А. Улевічу ў адказ з пракуратуры адзначаецца, што сапраўды праведзенае расследаванне было недастатковым, і справа ўзноўлена "ў сувязі з непаўнатой праведзенага расследавання і неабходнасцю правядзення дадатковых следча-аператыўных мерапрыемстваў накіраваных на выяўленне асобы, якая прычыніла Вам цялесныя пашкоджанні." Для правядзення дадатковага расследавання крымінальная справа накіравана ва Упраўленне дазнання папярэдняга расследавання ГУУС Мінгарвыканкама. Гэта значыць, ва ўпраўленне, якое і прыпыніла расследаванне напрыканцы мая.
Сам Алег Улевіч адзначае, што для яго гэта аптымістычная навіна: "Не губляю надзеі, што гэтыя людзі будуць знойдзены і пакараны." На думку журналіста, пры жаданні, знайсці злачынцаў не складана - падчас інцыдэнту вяліся здымкі на відэакамеры, побач знаходзіліся не менш за 20 грамадзян, якія могуць быць сведкамі. "Як атрымаецца на самай справе пакуль складана сказаць, альбо будзе чарговае расследаванне для праформы, альбо, спадзяюся, справядлівае пакаранне злачынцаў."
Нагадаем, што журналіст быў збіты пры выкананні службовых абавязкаў 2 сакавіка гэтага года каля Кастрычніцкага РАУС г. Мінска, менавіта там у гэты час знаходзіўся затрыманы кандыдат у прэзідэнты А.Казулін.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"