У Гродна пабачылі свет два новыя зборнікі


Яшчэ не пазбавіліся паху друкарскай фарбы дзве працы гарадзенскага журналіста Антона Лабовіча: "Ратуша" і "Педагог Уладзімір Баран".

Яшчэ не пазбавіліся паху друкарскай фарбы дзве працы гарадзенскага журналіста Антона Лабовіча: "Ратуша" і "Педагог Уладзімір Баран".

Зборнік "Ратуша" прысвечаны 10-годдзю гэтага Гарадзенскага абласнога грамадскага аб'яднання, якое было зачынена два гады таму судом. Аўтар аналізуе, які ўплыў мела гэтая арганізацыя на развіццё грамадскага руху не толькі на Гродзеншчыне, але і ўвогуле ў Беларусі. Асобныя раздзелы выдання гавораць самі за сябе: "Той час ужо гісторыя", "Асветніцкая і культурная дзейнасць", "Баранілі правы чалавека", "Справы судовыя" і інш.
Другі зборнік мае назву "Педагог Уладзімір Баран" і прысвечаны выдатнаму настаўніку Гродна, бацьку былога кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча. Гэтая, ужо менш даследчая, а больш журналісцкая праца з'явілася як водгук на шматлікія выступы дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, якія, эксплуатуючы прозвішча "Баран", імкнуліся прынізіць годнасць адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў. Антон Лабовіч імкнуўся паказаць, што такім бацькам, якім быў у свой час Уладзімір Іванавіч Баран, можа ганарыцца любы сын.

Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"