Следства па справе аб збіцці журналіста "Комсомольской правды в Белоруссии" прыпынена
ГУУС Мінгарвыканкама прыпыніла папярэдняе расследаванне крымінальнай справы па факце збіцця карэспандэнта "Комсомольской правды в Белоруссии" Алега Улевіча. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным паведамленні, якое журналіст атрымаў па пошце ў канцы мінулага тыдня. Следства прыпынена 31 траўня "ў сувязі з невысвятленнем асобы, якая падлягае прыцягненню з якасці абвінавачанага".
У лісце з ГУУС паведамляецца, што правядзенне аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, накіраваных на высвятленне вінаватай асобы, працягваецца, а рашэнне аб прыпыненні расследавання можа быць абскарджана пракурору г. Мінска.
Як паведаміў прэс-службе БАЖ сам А. Улевіч, ён збіраецца скарыстацца гэтай магчымасцю. "Буду выкарыстоўваць усе законныя спосабы, каб знайсці вінаватых", - кажа ён. За 2 месяцы, пакуль вялося следства, у журналіста склалася ўражанне, што замест пошукаў вінаватых міліцыя стараецца іх "прыкрыць". Па словах пацярпелага, у матэрыялах справы ёсць паказанні міліцыянта, які здымаў інцыдэнт каля Кастрычніцкага РУУС на відэакамеру: ён сцвярджае, што кепска валодаў відэатэхнікай і якраз у гэты момант не змог зрабіць запісу. Між тым, па звестках А. Улевіча, відэазапіс у той час вёў не адзін, а некалькі прадстаўнікоў праваахоўных органаў.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"