З выступу А. Дынько ў Маскве: "Не можа быць свабоды ў асвятленні адных падзеяў і несвабоды - у асвятленні іншых"


Сёння - другі дзень працы 59 Сусветнага газетнага кангрэсу і 13 Сусветнага форуму рэдактараў, якія ў гэтым годзе праходзяць у Маскве. Форум сабраў каля 1700 выдаўцоў і рэдактараў з больш чым 100 дзяржаваў.

Сёння - другі дзень працы 59 Сусветнага газетнага кангрэсу і 13 Сусветнага форуму рэдактараў, якія ў гэтым годзе праходзяць у Маскве. Форум сабраў каля 1700 выдаўцоў і рэдактараў з больш чым 100 дзяржаваў. Сярод іх - вялікая група беларускіх журналістаў, у якую ўвайшлі Жанна Літвіна (БАЖ), Аляксандр Старыкевіч ("Салідарнасць"), Андрэй Дынько ("Наша ніва"), Пётр Марцаў ("БДГ. Деловая газета"), Ігар Высоцкі ("Белгазета"), Уладзімір Янукевіч ("Intex-press"), Анатоль Удавічэнка ("Курьер из Борисова"), Алена Раўбецкая ("Биржа информации"). У першы ж дзень працы Форуму перад яго ўдзельнікам выступіў Андрэй Дынько. Вярнуўшыся з Масквы 6 чэрвеня, сп. Дынько распавёў прэс-службе БАЖ пра свае ўражанні ад паездкі.

Прамова галоўнага рэдактара "Нашай нівы" адбылася пад час круглага стала "СМІ ў Расіі: ад дыктатуры да дэмакратыі?": яго арганізатары прасілі прамоўцаў параўнаць сітуацыю са свабодай слова ў Беларусі і Расіі. Удзельнікаў сустрэчы вельмі ўразіла інфармацыя пра тое, што спіс выступоўцаў ад Расіі на "круглым стале" ўзгадняўся з Адміністрацыяй расійскага прэзідэнта. Па звестках удзельнікаў форуму, прэзідэнту Сусветнай асацыяцыі газет Гэвіну О'Рэйлі таксама давялося карэктаваць свой вітальны выступ ў адпаведнасці з пажаданнямі расійскага боку, бо ў адваротным выпадку Уладзімір Пуцін не прыйшоў бы на адкрыццё кангрэсу.

"Усё гэта вельмі ўплывала на атмасферу, у якой праходзіў форум. З аднаго боку, расійскі бок стараўся ўсяляк прывабіць інвестараў, пераканаць іх, што ў Расію выгадна ўкладаць грошы. З другога боку - за ўсім гэтым вельмі дрэнна хавалася тое, што стан свабоды СМІ ў Расіі далёкі ад ідэальнага", - зазначыў А. Дынько. Адну з тэзаў учорашняга выступу галоўнага рэдактара "Нашай нівы" расійская прэса цытавала найчасцей. "Я сказаў, што расійскія СМІ зусім не аб'ектыўна асвятляюць падзеі ў краінах былога СССР, і што для грамадзянскай супольнасці Беларусі было вялікім шокам тое, як расійская прэса падавала сакавіцкія падзеі гэтага года, - распавёў А. Дынько ў гутарцы з прэс-служба БАЖ. - У сувязі з гэтым я казаў пра свабоду СМІ і пра адказнасць журналіста перад грамадствам. Свабода не можа быць "кропкавай": не можа быць свабоды ў асвятленні адных падзеяў і несвабоды - у асятленні іншых. Калі такое дапускаецца, то зона несвабоды будзе распаўзацца і шырыцца, як мы гэта бачылі на прыкладзе беларускіх дзяржаўных СМІ". (А. Дынько пагадзіўся прадаставіць БАЖ асноўныя тэзы свайго выступу ў Маскве.

Сп. Дынько выказаў шкадаванне, што не змог застацца да заканчэння форуму: яму трэба было вяртацца ў Мінск, каб рыхтаваць да выхаду чарговы нумар "Нашай нівы". Між тым, у Маскве яшчэ застаюцца іншыя беларускія журналісты.

Па словах старшыня ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Ж. Літвіной, БАЖ узгадвалі ў дзень адкрыцця форуму, калі пералічвалі лаўрэатаў найвышэйшай узнагароды WAN - "Залатога пяра свабоды" - за апошнія 5 гадоў. (Нагадаем, што цырымонія ўручэння БАЖу "Залатога пяра" адбылася ў Дубліне ў 2003 г.) Сёлета лаўрэатам гэтай узнагароды стаў іранскі журналіст Акбар Ганджу, які адбыў 6 гадоў у турме за крытыку афіцыйных уладаў і быў вызвалены ў сакавіка г.г. дзякуючы патрабаванням газетнага кангрэсу. Цырымонія ўручэння яму "Залатога пяра" адбылася 5 чэрвеня.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"