"Дом правоў чалавека" патрабуе спыніць пераслед "Нашай нівы"
Нарвежскі фонд "Дом правоў чалавека" даслаў адкрыты ліст Аляксандру Лукашэнку, рэзка асудзіўшы рашэнне Мінскага гарвыканкаму аб адмове ў рэгістрацыі на тэрыторыі Мінска рэдакцыі газеты "Наша ніва". Фонд таксама заклікаў беларускія ўлады даць "НН" магчымасць зноў распаўсюджвацца праз пошту і прадавацца ў кіёсках.
У пасланні падкрэсліваецца, што, паводле беларускага заканадаўства, нельга адмовіць газеце ў рэгістрацыі юрыдычнага адрасу з прычыны таго, што галоўны рэдактар быў за кратамі. "Наша ніва" - гэта адна з апошніх незалежных газет, якія выдаюцца на беларускай мове, - падкрэсліваецца ў лісце. - Незалежныя медыя і журналісты знаходзяцца пад пастаянным уціскам у Беларусі, і сітуацыя з "Нашай нівай" - чарговы прыклад гэтага".
Напярэдадні Сусветнага дня свабоды прэсы міжнародная арганізацыя "Freedom House" абнародавала штогадовы агляд становішча СМІ ў свеце: згодна з яго вынікамі, Беларусь знаходзіцца на 185 месцы са 194-х дзяржаў свету паводле свабоды мас-медыя, - паведаміла Радыё "Свабода". Яшчэ горшыя ўмовы для дзейнасці СМІ, на думку аўтараў дакладу, ва Узбекістане, Зімбабвэ, Эрытрэі, Бірме, Кубе, Лівіі, Туркменістане і Паўночнай Карэі.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"