Дарагія калегі, сябры!
3 траўня ў свеце адзначаюць Дзень свабоды прэсы. Але нам, беларускім журналістам, сёння няма з чым віншаваць адзін аднаго. Беларусь застаецца апошняй еўрапейскай дзяржавай, дзе практычна ўсталяваная манаполія дзяржавы на СМІ. Сёння само існаванне свабоднай прэсы ў нашай краіне пастаўлена пад пагрозу. І беларускія, і замежныя арганізацыі не раз звярталіся да ўладаў з патрабаваннем кіравацца ў дачыненнях з прэсай нормамі Канстытуцыі, закона аб друку і міжнароднага права... Адказ на гэтыя звароты мы атрымалі гэтай вясной, калі дзесяткі нашых калегаў - як беларускіх, так і замежных - сутыкнуліся з фізічным гвалтам і былі кінутыя за краты.
Але пасля ночы заўсёды надыходзіць дзень. І наша краіна абавязкова адзначыць свой сапраўдны Дзень свабоды друку. Таму сёння для нас галоўнае - захаваць сваю ўнутраную свабоду, годнасць і вернасць прынцыпам.
Мы выказваем шчырыя словы падтрымкі ўсім сваім калегам, якія не страцілі пачуцця адказнасці за права звацца журналістам.
Дзякуй вам за вытрымку! Будзем салідарнымі!
ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"