Супрацоўнікаў "Хімвалакна" прымушаюць падпісвацца на газету "Юный спасатель"
Работнікаў светлагорскага вытворчага аб'яднання "Хімвалакно" змушаюць падпісвацца на газету "Юный спасатель", якую выдае беларуская моладзевая грамадская арганізацыя выратавальнікаў-пажарных. Пра гэта паведаміў 31 траўня сайт Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый www.belngo.info.
Як распавялі карэспандэнту belngo.info рабочыя "Хімвалакна", з работнікаў прадпрыемства збіраюць грошы і афармляюць "калектыўную падпіску" на цэх. Супрацоўнікі вытворчага аб'яднання мяркуюць, што прапанова выпісаць газету "Юный спасатель" паступіла ад інспекцыі дзяржаўнага пажарнага нагляду, а кіраўніцтва "Хімвалакна" пагадзілася, каб інспектары звярталі менш увагі на парушэнні правілаў пажарнай бяспекі. Тым не менш, адміністрацыя не выдаткоўвае грошай на падпіску.
Паводле прэс-рэлізу на сайце Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, газета "Юный спасатель" выдаецца з 2004г. , выходзіць два разы на тыдзень на 8 палосах накладам больш як 80 тысяч асобнікаў і ўяўляе сабою "навучальна-метадычны матэрыял, які спрыяе выхаванню моладзі і навучанню дзяцей і падлеткаў асновам бяспечнай жыццядзейнасці". Паводле МНС, "у выданні публікуюцца метадычныя матэрыялы, сцэнары правядзення адкрытых урокаў і пазашкольных мерапрыемстваў, навучальныя гульні, конкурсы, рэбусы".
Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"