"Пасядзелкі-2006" для беларускіх журналістаў


17 красавіка ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" зладзіла нефармальную сустрэчу для беларускіх журналістаў, што адбылі ў канцы сакавіка адміністратыўнае пакаранне. Спатканне з сімвалічнай назвай "Пасядзелкі-2006" прайшло ў лесе пад Мінскам.

17 красавіка ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" зладзіла нефармальную сустрэчу для беларускіх журналістаў, што адбылі ў канцы сакавіка адміністратыўнае пакаранне. Спатканне з сімвалічнай назвай "Пасядзелкі-2006" прайшло ў лесе пад Мінскам.

Нягледзячы на неспрыяльнае надвор'е, у сустрэчы ўзялі ўдзел каля двух дзесяткаў журналістаў з розных рэгіёнаў Беларусі. Сярод іх - Таццяна Снітко, Таццяна Ваніна, Вадзім Казначэеў, Вадзім Александровіч, Мікалай Тоўсцік, Арцём Лява, Антон Тарас, Валерый Шчукін, Святлана Станкевіч, Іван Роман, Аляксей Салей ды іншыя. Ганаровым госцем імпрэзы быў рэжысёр Валерый Мазынскі.

Усе ўдзельнікі сустрэчы атрымалі сімвалічныя "турэмныя" падарункі: алюмініевыя кубачкі з налепкай "Пасядзелкі-2006" не дне. Кожны меў магчымасць выступіць з кароткай прамовай і распавесці, дзе і за што ён адбываў пакаранне, што з перажытага найбольш уразіла і запомнілася.

Удзельнікам сустрэчы раздалі копіі лістоў, якія БАЖ атрымаў з Пракуратуры г. Мінска і ГУУС Мінгарвыканкама ў адказ на скаргі арганізацыі адносна парушэння правоў затрыманых журналістаў. Сцвярджэнні афіцыйных структур наконт выканання імі ўсіх патрабаванняў да ўмоваў утрымання зняволеных зусім не супадалі з успамінамі тых, хто адбыў пакаранне. Гэтак, па словах Таццяны Ванінай, яе блізкія даведаліся пра яе лёс і месцазнаходжанне толькі на трэція суткі.

Людзі гралі на гітары, спявалі песні, якія дапамагалі ім не губляць аптымізму за кратамі, ахвотна ўзгадвалі турэмныя "прыколы" і падводзілі сур'ёзныя вынікі.

"Я адчуваю, што мы дагэтуль у вельмі моцнай "счэпцы" адзін з адным - як тады, калі мы перад штурмам намётавага гарадку селі на зямлю і ўзяліся за рукі. З таго моманту я ўжо нічога не баюся", - зазначыла журналістка Дар'я Кастэнка.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"