Беларускі МЗС лічыць, што суд "даў адэкватную прававую ацэнку дзеянням канадскага грамадзяніна"


"На жаль, канадскі бок спрабуе дамагацца вызвалення свайго грамадзяніна метадамі палітычнага ціску і шантажу", - гаворыцца ў афіцыйным каментары МЗС Беларусі, распаўсюджаным увечары 28 сакавіка.

"На жаль, канадскі бок спрабуе дамагацца вызвалення свайго грамадзяніна метадамі палітычнага ціску і шантажу", - гаворыцца ў афіцыйным каментары МЗС Беларусі, распаўсюджаным увечары 28 сакавіка. Такім чынам беларускае знешнепалітычнае ведамства адрэагавала на патрабаванні міністра замежных спраў Канады Пітэра МакКея вызваліць журналіста Фрэдэрыка Левуа, які быў затрыманы ў Мінску і адбывае адміністратыўны арышт на Акрэсціна.

Начальнік аддзелу прэс-службы МЗС Марыя Ваньшына заявіла, што "грамадзянін Левуа прыбыў у Беларусь у першых датах сакавіка 2006 г., як ён сам уласнаручна напісаў у візавай анкеце - "для наведвання сяброў і ў турыстычных мэтах"... Па атрыманне адпаведнай журналісцкай акрэдытацыі ў МЗС Левуа не звяртаўся, - паведаміла М. Ваньшына. З яе словаў, зарэгістраваны канадскім журналістам тэрмін знаходжання ў Беларусі скончыўся 23 сакавіка. "І абсалютна незразумела, чаму гэты грамадзянін не з'ехаў з Беларусі ў адпаведны час, а 24 сакавіка апынуўся сярод самых актыўных удзельнікаў несанкцыянаванага мітынгу на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску... Беларускі суд даў адэкватную прававую ацэнку дзеянням канадскага грамадзяніна", - лічыць М. Ваньшына.
Яна таксама паведаміла, што 28 сакавіка ў МЗС прынялі консула Канады. Па просьбе канадскага боку, консулу далі сустрэцца з Ф.Левуа, перадаць дадатковыя цёплыя рэчы, а таксама прадаставілі журналісту магчымасць звязацца па тэлефоне з блізкімі ў Канадзе.
"Канадзе варта было б ведаць, што, па-першае, Беларусь не рэагуе на ціск, і па-другое, рашэнне пра вызваленне можа прыняць толькі суд вышэйшай інстанцыі, куды кожны грамадзянін у адпаведнасці з законам мае права звярнуцца. А беспакарана парушаць закон нікому не дазволена - ні ў Беларусі, ні ў Канадзе", - заявіла прадстаўнік МЗС.
Ф.Левуа быў затрыманы ў ноч з 23 на 24 сакавіка пад час ліквідацыі намётавага гарадка на Кастрычніцкай плошчы і асуджаны на 15 сутак адміністратыўнага арышту. У сувязі з гэтым 27 сакавіка міністр замежных спраў Пітэр МакКей сустрэўся з беларускім амбасадарам у Канадзе і запатрабаваў, каб Ф. Левуа вызвалілі і дазволілі пакінуць краіну. Паводле CBC News, міністр МакКей абмяркоўваў з беларускім амбасадарам тэму прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. У пісьмовай заяве МЗС гаворыцца, што кіраўнік МЗС выказаў "асуджэнне Канадаю поўнага інгаравання дэмакратычных прынцыпаў пад час выбараў 19 сакавіка". "Гэта былі выбары несвабодныя і несправядлівыя", - гаворыцца ў заяве. Сп. МакКей таксама заявіў, што Канада абмяжуе свае афіцыйныя дачыненні з Беларуссю сферай консульскіх дачыненняў, якія тычацца толькі правоў чалавека і міжнароднай бяспекі.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"