Грузінскіх тэлежурналістаў асудзілі на 5 і на 15 сутак
27 сакавіка суд Савецкага раёна асудзіў на 5 сутак арышту журналістку Грамадскага тэлебачання Грузіі Ніно Гіоргабіані і на 15 сутак - аператара Георгія Лагідзэ.
Іх затрымалі ў Мінску 24 сакавіка каля будынку суда, дзе яны бралі інтэрв'ю ў людзей, чыіх блізкіх затрымалі на Кастрычніцкай плошчы. Пасля затрымання яны змаглі звязацца з кіраўніцтвам тэлебачання па тэлефоне і распавесці, што да іх падышлі "супрацоўнікі службы бяспекі" і папрасілі прад'явіць дакументы аб рэгістрацыі. Нягледзячы на наяўнасць усіх патрэбных дакументаў, журналістаў усё роўна затрымалі " для высвятлення сітуацыі". Потым іх тэлефоны перасталі адказваць. Па інфармацыі БАЖ, яны ўтрымліваліся ў спецпрымальніку на Акрэсціна.
Напрацягу некалькіх дзён з патрабаваннямі вызваліць журналістаў выступалі самыя розныя структуры Грузіі. Як паведамляе інфармацыйнае агенцтва REGNUM, сваё абурэнне ў сувязі з затрыманнем здымачнай групы выказалі генеральны дырэктар тэлебачання Тамар Кінцурашвілі, прэм'ер-міністр Грузіі Зураб Нагаідэлі. Кіраўніцтва Грамадскага тэлебачання Грузіі (ГТГ) накіравала звароты да міжнародных арганізацый з просьбай пасадзейнічаць вызваленню журналістаў, якія асвятлялі прэзідэнцкія выбары ў Беларусі. МЗС Грузіі "выказаў крайняе абурэнне ў сувязі з затрыманнем грузінскіх тэлежурналістаў, якое адбылося без усялякіх на тое падставаў". "Мы патрабуем хуткага вырашэння інцыдэнту і безумоўнага вызвалення затрыманых тэлежурналістаў", - гаворыцца ў заяве МЗС. Міністэрства ўнутраных спраў Грузіі заявіла, што адмаўляецца ад супрацоўніцтва з праваахоўнымі органамі Беларусі да таго часу, пакуль не будуць вызваленыя супрацоўнікі грузінскага тэлебачання. Амбудсмэн Грузіі Созар Субары звярнуўся да беларускіх уладаў і акрэдытаваных у Мінску міжнародных арганізацый з патрабаваннем зрабіць усё магчымае для вызвалення затрыманай здымачнай групы. У заяве гэты факт характарызуецца як "адкрыты пераслед прадстаўнікоў свабодных медыяў і праява дыктатарскага рэжыму беларускіх уладаў".
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"