П. Шарамет - на Акрэсціна
Павел Шарамет, кіраўнік аддзелу спецпраектаў расійскага "Первого канала", знаходзіцца ў спецпрымальніку на Акрэсціна. Як паведамляе інтэрнэт-рэсурс "Беларускі партызан", яго маці не дазваляюць перадаць яму нават лекі, хаця Павел хворы на двухбаковую пнеўманію. Напярэдадні лекары Мінскага гарадскога інфекцыйнага шпіталю пацвердзілі дыягназ і прынялі журналіста на стацыянарнае лекаванне. Аднак позна ўвечары 25 сакавіка супрацоўнікі праваахоўных органаў прымусова забралі яго з лякарні. Паўла звінавачваюць у хуліганстве (грубай лаянцы) і, хутчэй за ўсё, у бліжэйшы час будуць судзіць. Між тым, знайшліся ўжо некалькі сведкаў яго затрымання, якія могуць пацвердзіць, што ён не паспеў вымавіць ні слова: затрыманне доўжылася ўсяго некалькі секунд.
Нагадаем, што ўвечары 25 сакавіка, калі П. Шарамет знаходзіўся ў прыёмным аддзяленні інфекцыйнага шпіталю на вул. Крапоткіна, прадстаўнікам БАЖ удалося з ім сустрэцца і пагутарыць. Журналіст распавёў, што яго затрыманне адбылося каля аптэкі на вул. Леніна. "Мы ішлі ўздоўж гэтай вуліцы, і, калі праходзілі каля аркі, з мікрааўтобуса, што там быў прыпаркаваны, выйшлі людзі ў цывільным. Яны сказалі, што яны з крымінальнага вышуку. (У пратаколе яны і фігуруюць як асноўныя сведкі: Строганаў і Баравікоўскі)..."
Як паведаміў Павел, "гэта было сілавое затрыманне ў вельмі жорсткай форме". "Мяне скруцілі, у кайданках (яшчэ сляды засталіся) кінулі ў мікрааўтобус, нацягнулі шапку і пачалі збіваць, пры гэтым кажучы, што, маўляў, "не будзем біць па твары". Паўгадзіны вазілі па Мінску, нешта крычалі: "што ты гаворыш, што ты пішаш?..." Я на пытанні не адказваў, проста маўчаў. Потым яны мяне прывезлі, як потым аказалася, у Цэнтральны РУУС. Потым паўгадзіны мяне трымалі, каб я не падымаў галавы, не бачыў, дзе я знаходжуся. Яны склалі на мяне адміністратыўны пратакол, што я лаяўся матам, зневажаў супрацоўнікаў міліцыі і прэзідэнта... Я адмовіўся падпісваць гэтыя дакументы, а напісаў толькі тлумачальную, што я прыехаў у Мінск, што тут у мяне жывуць бацькі, і запатрабаваў адваката".
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"