Новыя затрыманні журналістаў у Гродна


Учора ўвечары ў Гродна зноў былі затрыманыя журналісты.

Учора ўвечары ў Гродна зноў былі затрыманыя журналісты.
Пасля 22.00 супрацоўнікі Ленінскага РАУС затрымалі адміністратара інтэрнэт-сайту "Пагоня" Аляксея Салея. Паводле папярэдніх звестак, да панядзелка яго будуць трымаць у ізалятары часовага ўтрымання, а ў панядзелак будуць судзіць за "дробнае хуліганства". Учора ж увечары зноў была спроба затрымаць галоўнага рэдактара часопісу "Magazyn polski na uchodzstwie", актывіста непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў Андрэя Пачобута. Ён скіроўваўся ў польскае консульства на сустрэчу з віцэ-спікерам польскага Сейму Кшыштафам Путрам, калі да яго падышлі двое ў цывільным і паспрабавалі затрымаць. (У адным з іх А. Пачобут пазнаў супрацоўніка Ленінскага РАУС Гродна Сяргея Вечара). Журналіст вырваўся і пабег да будынку Консульства, але, ўжо забегшы на тэрыторыю польскага прадстаўніцтва, упаў. Людзі, што яго пераследавалі, здагналі яго і пачалі вырываць сумку. Але тут умяшалася ахова консульства і папрасіла нападнікаў пакінуць тэрыторыю. Такім чынам, А. Пачобуту ўдалося пазбегнуць затрымання. (Нагадаем, што толькі 24 сакавіка ён выйшаў на волю пасля 10 сутак арышту "за дробнае хуліганства").

Таксама ўчора ўвечары (каля 22.00) гродзенская міліцыя часова затрымала журналістку інтэрнэт-рэсурсу www.euramost.org Ірыну Чарняўку. Яна выйшла з дому, каб ехаць на вакзал (цягнік у Мінск адыходзіў каля 23.00). Да яе падышлі людзі ў міліцэйскай форме і прапанавалі прайсці ў машыну, што стаяла непадалёк. Ірына запатрабавала ў іх дакументы, але яны настойліва запрасілі яе ў машыну, дзе паабяцалі "ўсё патлумачыць". Пасля гэтага журналістку павезлі да апорнага пункту ў мікрараёне Дзевятоўка, па дарозе пераконваючы не ехаць у Мінск. Пад'ехаўшы да аддзялення міліцыі (якое, дарэчы, знаходзіцца вельмі далёка ад вакзалу), журналістку адпусцілі, але на цягнік яна спазнілася. Сама Ірына мяркуе, што мэта была - не пусціць яе ў Мінск, бо іншага цягніка, які дазволіў бы дабрацца ў сталіцу да раніцы, няма.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"