Суд зноў адмовіўся змяніць А. Філімонаву меру стрымання
Сёння суд Цэнтральнага раёна г. Мінска пакінуў без зменаў меру стрымання Антону Філімонаву - 16-гадоваму сыну забітай ў кастрычніку 2004 г. журналісткі Веранікі Чаркасавай, - адхіліўшы скаргу адваката на законнасць прымянення і падаўжэння яму меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Адвакат збіраецца абскарджваць гэтае рашэнне ў Мінскі гарадскі суд.
10 студзеня суд Першамайскага раёна г. Мінска ўжо адхіляў скаргу дзядулі падлетка - Уладзіміра Мялешкі - аб змяненні меры стрымання яго ўнуку, і суд вышэйшай інстанцыі пакінуў гэтае рашэнне без зменаў. У сярэдзіне лютага Пракуратура г. Мінска таксама заявіла, што не бачыць падставаў для змянення меры стрымання падлетку. Пра гэта гаварылася ў афіцыйным лісце намесніка пракурора г. Мінска Л. Літвінюка, адрасаваным ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" і Святлане Завадскай, якія ў студзені-лютым збіралі подпісы за змяненне Антону меры стрымання.
Антон Філімонаў утрымліваецца пад вартай у СІЗА на вул. Валадарскага з 30 снежня 2005 г. 22 лютага г.г. намеснік пракурора г. Мінска Л. Літвінюк працягнуў тэрмін папярэдняга следства па справе і тэрмін утрымання падлетка пад вартай да 27 сакавіка (да 3-х-месяцаў).
Нагадаем, што А. Філімонава затрымалі 27 снежня супрацоўнікі Першамайскага РУУС па падазрэнні ў вырабе беларускіх грашовых купюраў. У яго і яшчэ чатырох яго знаёмых знайшлі некалькі купюраў па 5 і па 10 тысяч беларускіх рублёў, і ў дачыненні да іх была ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 221 КК РБ. Усе пяцёра правялі некалькі сутак у следчым ізалятары часовага ўтрымання, аднак 30 снежня ўсіх, акрамя Антона, адпусцілі. Мера стрымання ў выглядзе арышту была ўжытая толькі да Філімонава.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"