Вынікі вечаровай акцыі: зноў ёсць пацярпелыя журналісты


У часе сустрэчы А. Мілінкевіча з выбаршчыкамі, што адбылася каля спорткомплексу "Працоўныя рэзервы" непадалёк ад станцыі метро "Няміга", прадстаўнікі праваахоўных органаў ужылі сілу яшчэ ў дачыненні да двух журналістаў: Валера Каліноўскага (Радыё "Свабода") і Генадзя Барбарыча ("Белорусы и рынок").

Як паведаміў прэс-службе БАЖ карэспандэнт "Свабоды" Валер Каліноўскі, каля 18.40 ён падышоў з мікрафонам да палкоўніка Д. Паўлічэнкі, які стаяў перад шыхтом АМАПу на выхадзе на пр-т Пераможцаў, і задаў яму пытанне. Замест адказу Паўлічэнка схапіў яго за куртку, тузануў і пацягнуў да міліцэйскіх шэрагаў. Па словах В. Каліноўскага, гэта ўбачыла рэдактар сайту "Хартыя-97" Наталля Радзіна, якая пачала гучна абурацца тым, што ўжываюць сілу супраць журналістаў. Відавочна, гэта збянтэжыла Д. Паўлічэнку, і В. Каліноўскі змог вырвацца. Ні журналіст, ні тэхніка ў выніку інцыдэнту не пацярпелі.
Між тым, па звестках БАЖ, на той жа акцыі ўдар дубінкай атрымаў журналіст газеты "Белорусы и рынок" Генадзь Барбарыч. Калі ён праходзіў уздоўж міліцэйскага шыхта, хтосьці з шэрагу АМАПаўцаў ударыў яго гумовай дубінкай па руцэ, і на гэтым месцы ў яго застаўся вялікі сіняк.

Акрамя гэтага, стала вядома, што шасцёра ўкраінскіх тэлежурналістаў 2 сакавіка не змаглі зрабіць відэазапісу сустрэчы А. Мілінкевіча з выбаршчыкамі. Як паведаміла Радыё "Свабода", 2 сакавіка прадстаўнікоў тэлеканалаў "Тоніс", "1+1" і "Пятага каналу" ў аэрапроце "Мінск-2" сустрэлі прадстаўнікі спецпадраздзялення "Альфа" КДБ Беларусі. Як распавёў "Свабодзе" супрацоўнік каналу "Тоніс" Юрый Карачыньскі, журналістам пагражала дэпартацыя (як прадстаўнікам украінскай арганізацыі "Пора", разам з якімі яны ляцелі), аднак ім удалося пераканаць прадстаўнікоў беларускіх уладаў не рабіць гэтага. Журналісты папрасілі ў палкоўніка КДБ Аляксандра Жарскага, які кіраваў аперацыяй, дазволу ўехаць у Беларусь як звычайныя грамадзяне - без камераў, і ён пагадзіўся.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"