Журналіста "Белгазеты" адпусцілі. Журналіста "Комсомольской правды" паклалі ў 9-ы шпіталь. Супрацоўнік прэс-службы А. Казуліна дагэтуль у пастарунку


Фотакарэспандэнта "Белгазеты" Дзмітрыя Брушко, затрыманага каля 12.00 блізу Кастрычніцкага РУУС, адпусцілі амаль адразу пасля таго, як прывезлі ў РУУС Ленініскага раёна разам з іншымі затрыманымі. Як паведаміў Д. Брушко прэс-службе БАЖ, ніякага пратаколу на яго не складалі і нават не прасілі паказаць журналісцкае пасведчанне. У той жа час, супрацоўнік прэс-службы А. Казуліна Андрэй Максімаў дагэтуль знаходзіцца ў Ленінскім РУУС, нягледзячы на наяўнасць у яго пасведчання Саюзу журналістаў. Ён распавёў па тэлефоне, што ва ўсіх затрыманых складаюць вопіс рэчаў, але пратаколаў пакуль не складаюць. А. Максімаў таксама сказаў, што збітаму карэспандэнту "Комсомольской правды в Белоруссии" Алегу Улевічу, які пэўны час быў сярод затрыманых, больш за гадзіну не аказвалі медыцынскай дапамогі. Як паведаміла БАЖ галоўны рэдактар "КП" Юлія Слуцкая, цяпер Алег Улевіч знаходзіцца ў 9-м мінскім шпіталі.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"