15:00


Стала вядома, што яшчэ траіх фотажурналістаў - Сяргея Грыца ("Associated press"), Васіля Фядосенку ("Reuters") і Юлію Дарашкевіч ("Наша ніва") - сёння затрымлівала міліцыя. Пераканаўшыся, што іх фотакамеры не зафіксавалі страляніны каля Кастрычніцкага РАУС, супрацоўнікі міліцыі адпусцілі журналістаў.

Машына, у якой знаходзіліся вышэйзгаданыя журналісты, а таксама фотакарэспандэнт "Белгаеты" Дзмітрый Брушко, пад'ехала да Кастрычніцкага РАУС якраз у той час, калі побач ў РАУС прагучалі стрэлы: як паведаміла БАЖ Ю. Дарашкевіч, міліцыянты адкрылі агонь па шэрай "Аўдзі", у якую селі маладыя людзі з фотакамерай. (Паводле Радыё "Свабода", да шэрай машыны падбеглі людзі ў цывільным з таго падраздзялення, якое затрымлівала А. Казуліна; чалавек з фотакамерай паспеў сесці за руль і завёў машыну; людзі ў цывільным спрабавалі выцягнуць яго з аўтамабіля, але кіроўца націснуў на педаль газу, і машына рушыла з месца. Пасля гэтага людзі ў цывільным зрабілі тры стрэлы па машыне - адзін ў ветравое шкло, і два - у колы машыны).

Журналісты выйшлі з машыны якраз у той час, калі міліцыя пачала затрыманні людзей каля Кастрычніцкага РАУС: Дзмітрый Брушко трапіў разам з іншымі затрыманымі ў аўтобус і, як паведамляў раней БАЖ, быў адвезены ў Ленінскі РАУС. Сяргея Грыца, Васіля Фядосенку і Юлію Дарашкевіч затрымалі іншыя супрацоўнікі міліцыі, забралі ў іх камеры і адвялі ў Ленінскі РАУС, дзе прагледзелі ўсе зробленыя імі фотаздымкі. Паводле Ю. Дарашкевіч, пераканаўшыся, што іх фотаапараты не зафіксавалі абстрэлу машыны, міліцыянты іх адпусцілі.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"