Фотакарэспандэнтаў не акрэдытоўваюць на працэдуру рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты


Ніводзін фотакарэспандэнт беларускіх альбо замежных СМІ пакуль не атрымаў акрэдытацыі на працэдуру рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты, што мае адбыцца 17 лютага ў Палацы Рэспублікі. Як паведаміў БАЖ фатограф агенцтва "Associated Press" Сяргей Грыц, пра гэта ён даведаўся раніцай 16 лютага, патэлефанаваўшы ў прэс-службу Адміністрацыі прэзідэнта (менавіта туды на мінулым тыдні журналісты накіроўвалі заяўкі на акрэдытацыю). У прэс-службе фотакарэспандэнту паведамілі, што права рабіць фотаздымкі пад час мерапрыемства мае толькі агенцтва БелТА.

Як паведаміла БАЖ фотакарэспандэнт "Нашай нівы" Юлія Дарашкевіч, у прэс-службе прэзідэнцкай адміністрацыі запэўнілі, што ў акрэдытацыі адмовілі толькі фотажурналістам: карэспандэнты, што пішуць, могуць прысутнічаць на мерапрыемстве.
Яна прыгадала, што падобная сітуацыя ўжо не першы раз здараецца на мерапрыемствах з удзелам А. Лукашэнкі. Гэтак, нядаўна фотакарэспандэнтаў не дапусцілі здымаць 2-і і 3-і дзень спаборніцтваў за Кубак Дэвіса ў Мінску, нягледзячы на наяўнасць акрэдытацыі: ім удалося правесці здымкі толькі ў першы дзень, калі на мерапрыемстве не было А. Лукашэнкі.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"