Святлана Завадская ў Вашынгтоне: "Галоўная праблема ў Беларусі - гэта праблема альтэрнатыўнай інфармацыі..."
"Галоўная праблема ў Беларусі - гэта праблема альтэрнатыўнай інфармацыі", - заявіла 7 лютага Святлана Завадская, выступаючы ў вашынгтонскім бюро Радыё "Свабода" на брыфінгу "Беларусь напярэдадні выбараў".
Па яе словах, ужо сёння можна сказаць, што выбары не будуць дэмакратычнымі і свабоднымі, бо немагчыма данесці да кожнага грамадзяніна інфармацыю пра альтэрнатыўных кандыдатаў. Што да працы журналістаў у Беларусі, то яны, часам выпускаючы чарговы артыкул, "проста рызыкуюць сваім жыццём", - зазначыла С. Завадская.
Яна нагадала, што дагэтуль не расследаваная справа яе мужа, аператара ОРТ Дзмітрыя Завадскага, выкрадзенага ў ліпені 2000 году. У гэтым жа шэрагу стаяць і нерасследаваныя забойствы журналістаў Веранікі Чаркасавай і Васіля Гроднікава. У звязку з гэтым С. Завадзкая распавяла пра сваю ініцыятыву стварэння беларускага фонду абароны журналістаў.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" паводле беларускай службы Радыё "Свабода"