Журналістаў недзяржаўнай прэсы не пускаюць на мерапрыемствы, звязаныя з выбарамі
За зачыненымі дзвярыма скончыўся ў Ганцавічах чарговы этап выбарчай кампаніі па фармаванні ўчастковых камісій па выбарах Прэзідэнта РБ. Ані карэспандэнты мясцовай недзяржаўнай газеты "Ганцавіцкі час", ані вылучаныя шляхам збору подпісаў ад грамадзян прэтэндэнты на ўдзел ва ўчастковых камісіях не здолелі трапіць на паседжанне раённага выканаўчага камітэту 31 студзеня, паколькі кіраўніцтва выканкаму адмовілася паведаміць час яго правядзення.
З 27 па 31 студзеня супрацоўнікі газеты па некалькі разоў на дзень хадзілі ў райвыканкам з мэтай даведацца дату і час правядзення паседжання па фармаванні камісій. У прыёмнай старшыні выканкаму гэтай інфармацыяй не валодалі і накіроўвалі журналістаў да кіраўніка справамі райвыканкама Мікалая Зажэкі. Той таксама адказваў, што не мае такой інфармацыі, і раіў звярнуцца да намесніка старшыні выканкама Мікалая Валынца, адказнага за пытанні па выбарах. Сп. Валынец, у сваю чаргу, заяўляў, што таксама не ведае даты і часу паседжання і што гэтай інфармацыяй валодае толькі старшыня райвыканкаму Уладзімір Столяр. У прыёмнай старшыні адказвалі, што ён заняты. Між тым, крайні тэрмін фармавання камісій сканчаўся 1 лютага.
Адзін з прэтэндэнтаў, вылучаных грамадзянамі ва ўчастковую камісію - Аляксандр Маляўка - нават напісаў пісьмовую заяву з просьбай паведаміць час правядзення паседжання, аднак яго просьбу ў выканкаме праігнаравалі.
Пра паседжанне карэспандэнт "Ганцавіцкага часу" даведаўся выпадкова раніцай 31 студзеня, калі ў чарговы раз скіраваўся ў райвыканкам запытацца пра час правядзення мерапрыемства, але яно ўжо пачалося і доўжылася ўсяго каля паўгадзіны.
"Як за гэты час можна было разгледзець больш за 250 заяваў і пратаколаў аб вылучэнні прадстаўнікоў, можна толькі здагадвацца", - адзначаюць журналісты "ГЧ". "Відавочна, што кіраўніцтва райвыканкаму не жадала прысутнасці на паседжанні асобаў не са "свайго кола". Але гараджан фактычна пазбавілі права на інфармацыю пра тое, як і па якіх крытэрыях выбіралі сябраў участковых камісій".
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь замацоўвае агульныя прынцыпы
падрыхтоўкі і правядзення выбараў, складнікамі якіх з'яўляецца прынцып адкрытасці і галоснасці выбарчага працэсу (ч.2 арт.65). Гэтыя ж прынцыпы замацаваныя ў арт. 13 Выбарчага кодэксу РБ: "Падрыхтоўка і правядзенне выбараў ажыццяўляецца адкрыта і галосна". У арт. 5 Закона "Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні РБ" сказана, што мясцовае кіраванне і самакіраванне ажыццяўляецца на прынцыпах "галоснасці і ўліку грамадскага меркавання, пастаяннага інфармавання насельніцтва пра рашэнні, што прымаюцца па найважнейшых пытаннях і вынікі іх выканання, прадастаўлення кожнаму грамадзяніну магчымасці азнаямлення з дакументамі і матэрыяламі, якія непасрэдна закранаюць яго правы і законныя інтарэсы".
Служба мониторинга ОО "Белорусская ассоциация журналистов"