А.Мілінкевіч: "Ужо з цяжкасцю прыгадваем сабе, што такое свабода слова..."


"Пашырэнне абсягу альтэрнатыўнай інфармацыі, вольнай ад цэнзуры ўлады ў Мінску", - гэткі накірунак у першую чаргу вызначыў Аляксандр Мілінкевіч, кажучы пра "скаардынаваныя дзеянні ўсіх, хто хоча бачыць Беларусь свабоднай". Тэма свабоды СМІ некалькі разоў гучала 25 студзеня пад час выступу ў Сейме Польшчы адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл Беларусі. (Тэкст яго 20-хвіліннага выступу можна знайсці на сайце беларускай службы Радыё "Свабода").

Паводле А. Мілінкевіча, "у Беларусі няма ніводнага незалежнага тэлевізійнага каналу ці радыёстанцыі, якая б дазваляла сабе хаця б самую ціхую крытыку ўладаў", а "тыднёвы наклад усіх незалежных газет меншы, чым аднадзённы наклад галоўнай праўладнай газеты "Советская Белоруссия".
Кажучы пра дэмакратычныя змены ў Польшчы, А. Мілінкевіч заявіў, што "сённяшнія беларускія ўлады... робяць усё, каб беларусы ніколі не даведаліся пра гэты паспяховы прыклад - блакуюць польскія радыё і тэлебачанне, спрабуюць маніпуляваць польскай супольнасцю на Беларусі і запалохваць яе актывістаў, не пускаюць польскіх дэпутатаў і журналістаў праз мяжу".
"Ужо з цяжкасцю прыгадваем сабе, што такое свабода слова, бо адкрытае казанне праўды пра сітуацыю ў краіне сёння караецца артыкуламі Крымінальнага кодэксу, такімі як, напрыклад, "дыскрэдытацыя дзяржавы", - заявіў А. Мілінкевіч.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"