Затрыманы "Magazyn Polski" ў эміграцыі"


17 студзеня міліцыя затрымала 50 асобнікаў часопіса "Magazyn Polski" ў эміграцыі", які рэдагуе гродзенскі журналіст Андрэй Пачобут. Зараз гэтая частка накладу, якая мусіла трапіць да сябраў мясцовай філіі Саюзу палякаў Беларусі, утрымліваецца ў РАУС Гродзенскага раёна.

Машына, у якой ехалі А. Пачобут і яго калега Анджэй Лісоўскі, была затрымана каля 15-й гадзіны ў гродзенскім раёне. Затрыманых прывезлі ў РАУС, дзе ў машыне правялі ператрус, не дапусціўшы прысутнічаць пры гэтым адваката, - паведаміў БелаПАН. Па выніках праверкі А. Пачобуту далі толькі копію "протокола об изъятии" 50-і асобнікаў часопісу, не патлумачыўшы прычын такіх дзеянняў.
Рэдактар мае намер абскардзіць дзеянні супрацоўнікаў міліцыі і спадзяецца вярнуць часопіс.
Па словах Пачобута, у гэтым нумары часопісу былі апублікаваныя інтэрв'ю з прадстаўнікамі кіраўніцтва Польшчы, якія крытыкуюць дзеянні беларускіх уладаў ў дачыненні да СПБ.

Раніцай 17 студзеня міліцыя ўжо прадпрымала спробу затрымаць А. Пачобута: супрацоўнікі праваахоўных органаў у 6 раніцы прыходзілі ў кватэру да яго бацькоў, спасылаючыся на пастанову следчага аддзелу аб дастаўцы сп. Пачобута ў міліцыю. Сам Пачобут сцвярджае, што ніякай павесткі аб яўцы да следчых ён не атрымліваў.
Нагадаем, што А. Пачобут з'яўляецца адным з падазраваных па крымінальнай справе, заведзенай на падставе заявы дырэктара Дома польскага ў Шчучыне Віктара Богдана, які сцвярджаў, што яму пагражалі. Акрамя Пачобута, падазраванымі па гэтай справе з'яўляюцца Юзэф Пажэцкі, Веслаў Кеўляк і Анджэй Пісальнік.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"