Чарговы наклад "Народнай волі" трапіў у Мінск без перашкодаў
Чарговы падвойны (№№5,6) нумар "Народнай волі", а таксама спецыяльны нумар, прысвечаны выбарам і аднаму з магчымых кандыдатаў Аляксандру Казуліну, 16 студзеня без перашкодаў быў перавезены са Смаленску ў Мінск, - паведаміла Радыё "Свабода". Галоўны рэдактар выдання Іосіф Сярэдзіч асабіста суправаджаў наклад у дарозе. №5,6 выйшаў накладам 27 тыс. асобнікаў, як і папярэднія ў гэтым годзе; №7 надрукаваны накладам 100 тыс. асобнікаў.
Паводле "Свабоды", праверка дакументаў на мяжы заняла каля гадзіны. Разам з "Народнай Воляй" у Мінск былі дастаўленыя наклады "БДГ. Деловая газета" і "Товарищ".
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"