Прадаўцы "Местной газеты" сутыкаюцца з праблемамі


13 студзеня ў Ваўкавыску міліцыя на некалькі гадзін затрымала частку накладу (69 асобнікаў) недзяржаўнай "Местной газеты", якую прадавала прыватная распаўсюдніца на гарадскім рынку. У рэдакцыі ўпэўненыя, што гэта адбылося па распараджэнні намесніка старшыні Ваўкавыскага райвыканкама Уладзіміра Захарчука. У той жа дзень усе затрыманыя газеты вярнулі, і яны працягваюць распаўсюджвацца.

Паводле супрацоўніка "Местной газеты", які забіраў наклад у Ваўкавысскім РУУС, міліцыя не мае прэтэнзій да выдання і спасылаецца на загад "зверху". Распаўсюдніца выдання, у якой забралі наклад, афіцыйна працуе па найме ў індывідуальнага прадпрымальніка, які заключыў дамову з "Местной газетой". У рэдакцыі адзначаюць, што распаўсюднікі газеты практычна заўсёды сутыкаюцца з праблемамі пасля "рэйдаў" па горадзе намесніка старшыні райвыканкама У. Захарчука.

"Местная газета" зараз выходзіць накладам 1700 асобнікаў. Ані падпіскі, ані продажу ў кіёсках выданне не мае. Са снежня мінулага года яно друкуецца ў Смаленску.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"