Пенсіянер аштрафаваны на 400 долараў за ўдзел у акцыі ў абарону свабоды слова


Штраф у памеры 30 базавых велічыняў (870 тысяч рублёў, альбо 400 долараў) пастанавіў спагнаць з пенсіянера Аркадзя Блінкоўскага суд г. Баранавічы і Баранавіцкага раёна 11 студзеня. Нагодай для такога рашэння стаў удзел у вулічнай акцыі ў абарону недзяржаўных СМІ.

"Я разглядаю гэты прысуд як акцыю запалохвання людзей нязгодных, каб ніхто ўжо не наважыўся выказаць сваё слова супраціву", - адзначыў засмучаны вынікамі судовага паседжання Аркадзь Блінкоўскі.
Яго пенсія складае каля 120 даляраў. Паводле рашэння суда, на працягу больш як году ён будзе штомесяц выплачваць дзяржаве яе пятую частку.

Акцыя ў абарону свабоды слова, прысвечаная чарговай гадавіне прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, прайшла 10 снежня ў Баранавічах. У ёй узялі ўдзел каля дзесяці жыхароў горада, якія выстраіліся ў ланцуг каля Дома сувязі, трымаючы ў руках газеты "Народная воля", "Наша Ніва" і "Товарищ", што былі выключаны з падпіснога каталога на 2006 год.
Як адзначалі ўдзельнікі "ланцуга", сваёй акцыяй яны хацелі нагадаць людзям пра іх права на атрыманне альтэрнатыўнай інфармацыі. Чарговы суд над удзельнікам акцыі прызначаны на 13 студзеня.

Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"