Мінінфарм будзе больш жорстка кантраляваць замежныя інтэрнэт-рэсурсы
Пэўныя інтэрнэт-рэсурсы сёння выклікаюць сур'ёзныя пытанні з боку Міністэрства інфармацыі. Пра гэта заявіла кіраўніца ведамства Лілія Ананіч.
З пачатку дзеяння новага закона «Аб СМІ» Міністэрства інфармацыі закрыла доступ да 18 сайтаў за прапаганду і продаж наркотыкаў, а таксама выкарыстанне ненарматыўнай лексікі. Па словах міністра, гэтая праца будзе працягнутая, і "ў органаў дзяржкіравання яшчэ дастатковае поле дзейнасці ў гэтым накірунку".
– Сёння не ўсе ўладальнікі інтэрнэт-рэсурсаў прынялі меры, каб іх інфармацыйная прадукцыя адпавядала нацыянальнаму заканадаўству.
На думку міністра, па законе інфармацыя павінна быць не толькі дакладнай, але таксама "спрыяць развіццю грамадства і дзяржавы і ні ў якім разе не наносіць шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі".
– Падрыхтаваны праект указа па прывядзенні заканадаўчых актаў у адпаведнасць з законам “Аб СМІ”. У прыватнасці, там будзе замацавана адказнасць уладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў за каментары карыстальнікаў на форумах, – сказала Лілія Ананіч. – Але, калі грамадзянін угледзіць, што яго нехта абразіў на форуме, то ён можа прад'явіць прэтэнзію канкрэтнаму карыстальніку і такім чынам абараніць свае правы.
Закон “Аб СМІ” прадугледжвае адказнасць усіх уладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў, даступных на тэрыторыі краіны, у тым ліку і замежных – Мінінфарм абяцае жорстка іх кантраляваць.
– Вельмі важна, каб нацыянальную інфармацыйную прастору працавала на стварэнне і на краіну, а таксама спрыяла развіццю суверэнітэту Беларусі, – упэўненая міністр.
На гэтую ж тэму:
Реестры распространителей печатных и электронных СМИ в Беларуси планируется ввести с 1 июля