Сябры БАЖ прынялі ўдзел у марафоне салідарнасці з кнігарняй “Логвінаў”


Сябры ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” далучыліся да акцыі збору сродкаў для кнігарні “Логвінаў”, заснавальнік якой абавязаны выплаціць дзяржаве амаль мільярд беларускіх рублёў паводле рашэння суда.

Фота Б.Гарэцкага

У адказ на судовае рашэнне, што паставіла кнігарню на мяжу банкруцтва, грамадскасць абвясціла кампанію збору ахвяраванняў.

Ахвяраваць сродкі можна непасрэдна ў самой кнігарні “Логвінаў” у Мінску на праспекце Незалежнасці 37А, альбо праз банкаўскі рахунак.

Нагадаем: у снежні 2014 года ў кнігарні «Логвінаў» падатковая інспекцыя Цэнтральнага раёна Мінска правяла пазапланавую праверку, у выніку чаго нібыта выявіла шэраг парушэнняў, а ўсю гадавую выручку кнігарні – амаль 1 мільярд беларускіх рублёў – залічыла за незаконны прыбытак. Спаганяюць гэтую суму праз суд.

Асноўная прэтэнзія падаткавікоў – у тым, што прыватнае прадпрыемства «Логвінаў» так і не было ўключанае ў створаны ў 2014-м годзе дзяржаўны рэестр распаўсюднікаў друкаваных выданняў. Цягам года кнігарня шэсць разоў звярталася па адпаведную рэгістрацыю ў Міністэрства інфармацыі Беларусі, але кожны раз атрымлівала адмовы. 5 студзеня Ігар Логвінаў паведаміў, што падаў у суд на Мінінфармацыі за нематываваныя адмовы.

Перад гэтым Міністэрства інфармацыі пазбавіла ўласніка кнігарні Ігара Логвінава выдавецкай ліцэнзіі за выпуск фотаальбома «Прэс-фота Беларусі 2011», які амаль праз два гады пасля выхаду чыноўнікі назвалі экстрэмісцкім.