Шырокая грамадская кампанія і слуханні па сітуацыі са свабодай слова


Такія прыярытэтныя накірункі дзейнасці ГА “БАЖ” у сённяшніх крытычных умовах вызначыла Рада арганізацыі на сходзе 23 снежня ў Мінску. Акрамя бягучай сітуацыі, Рада абмеркавала пытанні падрыхтоўкі да з’езду арганізацыі. 

З'езд ГА «БАЖ» адбудзецца 24 красавіка

Рада прызначыла дату правядзення чарговага справаздачна-выбарчага з'езду ГА «БАЖ». Гэта будзе дзявяты па ліку з'езд арганізацыі, якія яна абавязана праводзіць раз на тры гады.

Да сакавіка 2015 года мае скончыцца вылучэнне дэлегатаў і падрыхтоўка справаздачы пра дзейнасць ГА «БАЖ» за перыяд з 2012 года.

Зацверджаны парадак дня з’езду: справаздача Рады, справаздача Кантрольна-рэвізійнай камісіі, справаздача Камісіі па этыцы, прыняцце дакументаў з'езду, абранне старшыні ГА «БАЖ», намеснікаў старшыні, Праўлення, Рады, а таксама сябраў вышэйпералічаных камісій.

Камісія па этыцы працуе над зменамі ў Кодэкс

Кодэкс добры, але некаторыя рэчы трэба мяняць”, – зазначыў старшыня Камісіі Анатоль Гуляеў і прывёў у прыклад Нарвегію, дзе змены ў этычны кодэкс журналіста ўносяцца кожныя 5-7 гадоў. 

Пры ГА “БАЖ” створана экспертная група, якая займаецца прапрацоўкай дапаўненняў і змяненняў у існуючы этычны кодэкс. Сп. Гуляеў агучыў некаторыя прапановы, якія ўжо сфармулявалі сябры Камісіі.  

“Гаворка ідзе не пра ўвядзенне больш жорсткага рэгулявання, а пра ўдакладненне ўжо існуючых артыкулаў”, – падкрэсліў ён.

“Часам гучаць ідэі – маўляў, трэба дазволіць звяртацца ў Камісію па этыцы толькі прафесіяналам. Але гэта аўтаматычна пертворыць нас у такую тусоўку-“паміжсабойчык””, – лічыць эксперт.

Ён падкрэсліў, што лічыць неабходным уключыць у склад Камісіі прадстаўніка праваабарончай арганізацыі з юрыдычнай адукацыяй. Гэтую прапанову, разам з астатнімі, плануецца вынесці на разгляд з’езда ГА “БАЖ” у красавіку.  

 

“Нас спрабуюць падзяліць на тых, хто падпарадкоўваецца, і тых, хто супраціўляецца”

“Падзеі, якія пачалі разгортвацца з пачатку мінулага тыдня, дазваляюць назваць сітуацыю ў галіне свабоды выказвання крытычнай. На жаль, усялякія подласці ў нашай краіне часта здзяйсняюцца “пад святы”. Безумоўна, гэта ўскладняе адстойванне нашых правоў”, – канстатавала Жанна Літвіна.  

Вераломнае прыняцце паправак у закон “Аб СМІ”, блакаванне сайтаў, масавае прымяненне арт. 22.9 КаАП да журналістаў, штрафы нібыта за ўдзел у “несанкцыянаваных акцыях”. “Агульная сума штрафаў журналістам і распаўсюднікам СМІ за гэты год складае ўжо больш за 90 млн рублёў”, – зазначыла старшыня ГА “БАЖ”.

Жанна Літвіна распавяла, што 22 снежня некалькі разоў на працягу дня спрабавала звязацца з кіраўніцтвам Аператыўна-аналітычнага цэнтра і з кіраўніком ідэалагічнага ўпраўлення пры прэзідэнцкай адміністрацыі Усеваладам Янчэўскім, але безвынікова. Прыёмная і “аператыўны дзяжурны” ўвесь час раілі “патэлефанаваць пазней”.  

“Фінальны тэкст паправак у закон “Аб СМІ”, зацверджаны кіраўніком дзяржавы, аказаўся значна горшым за праект і за тыя каментары афіцыйных асобаў, з якіх мы рабілі першыя высновы”, – дадаў намеснік старшыні ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец. Ён адзначыў, што інтэрнэт-медыя трактуюцца не як рэдакцыі, а як "распаўсюднікі", і закон не дае права сайтам выдаваць сваім сябрам пасведчанні журналістаў СМІ. Затое блакаваць сайты могуць у пазасудовым парадку. Без вынясення папярэджання, а за адно толькі парушэнне ў частцы распаўсюду “забароненай інфармацыі” – напрыклад, той, што можа “нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам”, нават калі яна цалкам дакладная і праўдзівая. (Разгорнуты аналіз тэксту паправак з’явіцца найбліжэйшым часам на сайце ГА “БАЖ”.)

«Мэта гэтага – зламаць нас праз калена, – перакананы намеснік старшыні ГА «БАЖ», галоўны рэдактар заблакаванай інтэрнэт-газеты «Салідарнасць» Аляксандр Старыкевіч. – Нас спрабуюць падзяліць на тых, хто падпарадкоўваецца, і тых, хто супраціўляецца. А тых, хто супраціўляецца, загнаць у глыбокае падполле. Каб тыя, хто застаўся, усведамляў, што застаўся на пэўных ўмовах – карыстацца афіцыйнай інфармацыяй і не дазваляць сабе ніякіх “вольнасцяў”. Спадзявацца, што ўлада распачне з намі дыялог, хаця б “зверху ўніз”, не выпадае».

“Адбываецца дэлегалізацыя нацыянальных незалежных СМІ. Хутка яны могуць апынуцца з такой жа сітуацыі, у якой знаходзяцца тэлеканал “Белсат” і “Беларускае Радыё Рацыя””, – зазначыў прадстаўнік “Белсат” у Беларусі, сябра Праўлення ГА "БАЖ" Міхась Янчук.

 

Сітуацыя стала крытычнай. Ці можам мы супраціўляцца?

Блакаванне сайтаў, папраўкі ў закон “Аб СМІ” і масавае прымяненне “адміністрацыйных” артыкулаў супраць журналістаў. Вось тры глабальныя праблемы, на вырашэнні якіх варта сканцэнтравацца, – падкрэсліла Жанна Літвіна і папрасіла сябраў Рады вылучаць прапановы.  

Удзельнікі дыскусіі вызначылі асноўныя накірункі далейшых дзеянняў арганізацыі і канкрэтныя захады па іх рэалізацыі. Было вырашана выкарыстаць міжнародныя сувязі ГА “БАЖ” і найбліжэйшым часам зладзіць маштабныя слуханні па сітуацыі з удзелам партнёрскіх журналісцкіх арганізацый, АБСЕ, ААН, іншых міжнародных структур, якія могуць паўплываць на фармулёўку еўрапейскіх прыярытэтаў у перамовах з афіцыйным Мінскам.

Акрамя таго, унутры краіны будзе разгорнутая шырокая грамадская кампанія – верагодна, з удзелам палітыкаў, няўрадавых арганізацый і наогул усёй грамадзянскай супольнасці. Яе складнікамі маюць стаць падрыхтоўка зваротаў у дзяржаўныя органы, асветніцкая праца з грамадзянамі, збор подпісаў і інш.

Рада даручыла Праўленню ГА “БАЖ” распрацаваць дэтальны план кампаніі і давесці яго да журналісцкай супольнасці найбліжэйшым часам.