Вярхоўны Суд адаслаў ГА “БАЖ” да іншых інстанцый


Намеснік старшыні Вярхоўнага Суда РБ Валерый Калінковіч даслаў адказ на зварот журналісцкай арганізацыі ў абарону праваў фрылансераў. 

Згадваючы рашэнне суда па справе бабруйскай журналісткі Марыны Маўчанавай, сп. Калінковіч піша, што яно “можа быць апратэставана пракурорам, а таксама абскарджана асобай, у дачыненні да якой яно вынесена, пацярпелым, іх прадстаўнікамі, абаронцам”.

“Адначасова інфармую, што пастаўленыя ў вашым звароце пытанні, якія тычацца нязгоды з дзеяннямі супрацоўнікаў міліцыі, да кампетэнцыі Вярхоўнага Суда не адносяцца”, – гаворыцца ў адказе з ВС.

Нагадаем, што 26 верасня ГА “БАЖ” выступіла з заявай пратэсту з нагоду пераследу журналістаў, якія размяшчаюць свае матэрыялы ў замежных медыя. Арганізацыя патрабавала, каб супрацоўнікі органаў унутраных спраў і іншых дзяржаўных органаў спынілі адміністрацыйны пераслед журналістаў-фрылансераў, каб судовыя рашэнні, вынесеныя ў дачыненні да журналістаў па ч. 2 арт. 22.9 КаАП, былі апратэставаныя ўпаўнаважанымі службовымі асобамі, а таксама каб суб'екты нарматворчасці прывялі акты заканадаўства Рэспублікі Беларусь у сферы свабоды выказвання меркавання ў адпаведнасць з Канстытуцыяй і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Тэкст заявы быў накіраваны Генеральнаму пракурору, міністру ўнутраных спраў, старшыню Камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, а таксама старшыню Вярхоўнага Суда.

На зварот ГА «БАЖ» раней ужо адказалі Палата прадстаўнікоў, МУС і Генеральная пракуратура.

З Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ адказалі, што «не маюць права кантраляваць дзейнасць судоў і іншых дзяржаўных органаў, а таксама даваць ацэнку законнасці рашэнняў, якія прымаюцца дзяржаўнымі органамі і службовымі асобамі» і параілі абскарджваць судовыя пастановы ў судах вышэйшых інстанцый, а дзеянні міліцыянтаў – у МУС.

З МУС напісалі, што “па ўсіх пералічаных Вамі фактах складання супрацоўнікамі органаў унутраных спраў пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях па ч. 2 арт. 22.9 КаАП справы разгледжаны судамі”, і “міністэрства ўнутраных спраў не мае паўнамоцтваў на іх перагляд”. А па пытаннях удасканалення заканадаўства аб СМІ неабходна звяртацца ў Мінінфармацыі.

Генеральная пракуратура напісала, што права абскарджваць вынесеныя судовыя рашэнні маюць тыя, каго судзілі – яны могуць “звярнуцца з адпаведнымі скаргамі ў органы пракуратуры ці ў суд”.