Інтэрв’ю: больш, чым пытанні і адказы. Апошні дзень прыёму заявак!
Навучальны курс 01.11.2014 — 28.12.2014. Мінск-Вільня. Крэатыўныя методыкі правядзення інтэрв’ю – ад прафесіяналаў беларускай і замежнай журналістыкі.
Інтэрв’ю — адначасова адзін з самых распаўсюджаных жанраў журналістыкі і найважнейшы спосаб здабывання інфармацыі. Амерыканскія даследчыкі падлічылі, што інтэрв’ю “з’ядае” ад 80 да 90% працоўнага часу журналістаў. Астатнія нешматлікія адсоткі прыпадаюць на ўласныя назіранні і працу з дакументамі.
Інтэрв’ю — самы просты жанр: задавай сабе пытанні, слухай ды запісвай адказы. Так лічаць навічкі.
Аднак чамусьці не ўсе пытанні “спрацоўваюць”, не ўсе адказы ўтрымліваюць патрэбную і цікавую чытачу інфармацыю і не ўсе інтэрв’ю чытаюцца на адным дыханні і запамінаюцца.
- Як зрабіць сваё інтэрв’ю ўнікальным?
- Калі пытанні “выстрэльваюць”?
- Як здабыць эксклюзіўную інфармацыю, калі на яе палююць адначасова некалькі дзесяткаў калег?
- Як слухаць суразмоўцу, каб пачуць самую істотную інфармацыю і не закапацца ў моўным “шалупінні”?
- Як “трымаць” суразмоўцу падчас інтэрв’ю ў жывым эфіры?
- Як не дазволіць маніпуляваць сабой і пісьменна паводзіць сябе ў складаных сітуацыях, якія могуць узнікнуць падчас інтэрв’ю?
- Як чытаць суразмоўцу і адрозніць экспертнае меркаванне ад выказванняў дылетанта, а хлусню ад праўды?
- І ці праўда, што аўтараў у інтэрв’ю два?
Паспрабуем разам разабрацца ў балючых пытаннях падчас курса “Інтэрв’ю: больш, чым пытанні і адказы”.
А таксама будзем вучыцца:
- рабіць з няўдалых пытанняў паспяховыя;
- пераадольваць псіхалагічныя бар’еры;
- пазбягаць тыповых “грахоў” інтэрв’юэра;
- здабываць інфармацыю ў палітыкаў, зорак, хворых на СНІД, “ракавінак”, “вадаспадаў”, “клоунаў”, “дыктатараў” ды “ахвяраў”;
- выпрацоўваць індывідуальны стыль інтэрв’юэра і ўласны кодэкс этыкі.
Выкладанне пазбаўлена акадэмічнасці, насычанае канкрэтыкай і парадамі, а акцэнт робіцца менавіта на інтэрактыў і практыку: будзем рабіць свае інтэрв’ю і аналізаваць чужыя, каб пазбегнуць памылак.
Да ўдзелу запрашаюцца: Маладыя журналісты, выпускнікі факультэтаў журналістыкі альбо школ маладога журналіста, а таксама студэнты з Мінска і рэгіёнаў.
Удзельнікаў чакаюць майстар-класы ад выбітных прафесіяналаў беларускай ды еўрапейскай журналістыкі.
Лепшыя з навучэнцаў па выніках курса атрымаюць магчымасць удзелу ў семінары за мяжой.
Апісанне курса:
Курс «Інтэрв’ю: больш, чым пытанні і адказы» распачнецца 1 лістапада і скончыцца 28 снежня 2014 года.
Складаецца з васьмі заняткаў у Мінску і майстар-класа замежнага трэнера ў Вільні (27-28 снежня).
Заняткі будуць праводзіцца па суботах з 15.00 да 18.00.
Заяўкі на ўдзел ў навучальным курсе ««Інтэрв’ю: больш, чым пытанні і адказы» прымаюцца па электроннай пошце на адрас: baj@baj.by (з пазнакай «Interview») да 27 кастрычніка.
Ваша заяўка павінна ўтрымліваць:
1. Кароткі расповед пра сябе (не больш за 1 000 знакаў).
2. Абгрунтаванне свайго жадання ўдзельнічаць у курсе.
Колькасць удзельнікаў абмежаваная!