ІВВ працягне актыўную працу з беларускімі журналістамі


Мінскі Міжнародны адукацыйны цэнтр імя Яханэса Раў (ММАЦ – ІВВ) у наступным годзе працягне актыўную супрацу з беларускімі журналістамі. Пра гэта кіраўнікі ІВВ заявілі на прэс-канферэнцыі, прысвечанай дваццацігоддзю ММАЦ, што адзначалася 4 кастрычніка 2014 года.

Па словах беларускага дырэктара ММАЦ Віктара Балакірава, праца са сродкамі масавай інфармацыі з’яўляецца адным з цэнтральных накірункаў дзейнасці Мінскага Міжнароднага адукацыйнага цэнтра.

“Праца з журналістамі ўсё больш прывязваецца да тых глабальных пытанняў, якія мы вырашаем у рамках ММАЦ. Зараз асноўнае – гэта развіццё агульнай культуры памяці, таму ў наступным годзе мы плануем правесці цыкл семінараў для журналістаў па ваеннай культуры памяці ў Германіі і ў Беларусі, на Захадзе і на Усходзе. А пры канцы 2015 года плануецца паездка беларускіх журналістаў у Германію, каб яны маглі даведацца, як у ФРГ ажыццяўляецца ваенная культура памяці, пра якую мы так шмат кажам”, – паведаміў Віктар Балакіраў.

Таксама працягне працу школа журналістыкі – адзін з важных праектаў ІВВ, які дадаўся да адукацыйных праграм ММАЦ у 2001 годзе. У рамках школы рэгулярна праводзяцца метадычныя мерапрыемствы па павышэнні кваліфікацыі, беларускія журналісты знаёмяцца з еўрапейскімі стандартамі і працэсам працы, з развіццём сучасных СМІ.

Апроч гэтага, школа журналістыкі прадастаўляе пляцоўку для дыялогу абодвум журналісцкім аб’яднанням краіны – БАЖ і БСЖ. На штоквартальных сустрэчах прадстаўнікі дзяржаўных і недзяржаўных СМІ абмяркоўваюць уласнае разуменне прафесіі, свае інтарэсы і магчымасці супрацоўніцтва. Да вядомых беларускіх і замежных установаў, з якімі школа журналістыкі ММАЦ супрацоўнічае, адносяцца, напрыклад, кафедра журналістыкі пры Гродзенскім дзяржаўным універсітэце і Акадэмія Deutsche Welle.