Прыём працаў на конкурс “Абяры жыццё!” працягнуты да 15 кастрычніка
Па просьбе журналістаў прыём працаў на конкурс журналісцкіх матэрыялаў “Абяры жыццё!” на тэму смяротнага пакарання працягнуты да 15 кастрычніка.
Такой рашэнне арганізатары конкурсу прынялі ў сувязі з набліжэннем Сусветнага дня барацьбы супраць смяротнага пакарання (10 кастрычніка) і прэзентацыі кнігі “Кому нужна смертная казнь” (9 кастрычніка а 18:00 у офісе ГА “БАЖ”).
Арганізатары конкурсу мяркуюць, што яшчэ шэраг журналісцкіх матэрыялаў будуць напісаныя напярэдадні і пасля гэтых датаў.
Таму, калі Вы пісалі ці збіраецеся напісаць на тэму смяротнага пакарання, заклікаем даслаць матэрыялы на конкурс! На конкурс прымаюцца тэкставыя, мультымедыйныя, фота-, відэа- і аўдыёматэрыялы. Усё гэта неабходна дасылаць да 15 кастрычніка на адрас life@baj.by з указаннем аўтарства, месца і даты выхаду матэрыялу.
Матэрыялы будуць ацэньвацца па наступных крытэрах:
- арыгінальнасць, самастойнасць мыслення і творчы падыход пры падрыхтоўцы матэрыялу;
- адпаведнасць прынцыпам падачы журналісцкага матэрыялу, навіны, аналітычнага артыкула;
- грамадская значнасць і актуальнасць, інфармацыйная каштоўнасць матэрыялу;
Арганізатары конкурсу - ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, РПГА “Беларускі хельсінкскі камітэт” і МА “Міжнародная турэмная рэформа”.
У журы конкурсу ўвойдуць вядомыя журналісты, а таксама прадстаўнікі праваабарончых арганізацый, што займаюцца праблемай існавання смяротнага пакарання і правоў чалавека ў Беларусі.
Трох пераможцаў чакаюць дыпломы і каштоўныя прызы!