Бабруйск: Як у матэрыялах справы Марыны Маўчанавай апынуліся матэрыялы справы Залеўскага?
23 верасня ў судзе Бабруйскага раёна і г. Бабруйска пачаліся слуханні па справе журналісткі «Бобруйского курьера», якую абвінавачваюць у «незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ» (арт. 22.9 КаАП РБ). Суд працягнецца 25 верасня.
На пачатку пасяджэння Марына Маўчанава выступіла з хадайніцтвам пра перанос судовых слуханняў. Журналістка паведаміла суду, што пры азнаямленні з матэрыяламі сваёй справы яна выявіла ў іх матэрыялы іншай адміністрацыйный справы, аналагічнай па змесце і вырашанай не на карысць журналіста. Гаворка ідзе пра справу Алеся Залеўскага, з якога сёлета ў маі Карэліцкі раённы суд пастанавіў спагнаць 4,5 млн. рублёў (30 базавых велічынь) за супрацу з тэлеканалам “Белсат”.
На думку Маўчанавай, гэтыя дакументы меліся стаць, так бы мовіць, «шаблонам» для суддзі, а гэта ўжо з'яўляецца ціскам на суд. У сувязі з гэтым журналістка накіравала заяву ў Мінюст і хацела б дачакацца ад гэтага ведамства адказу.
Хадайніцтва Маўчанавай падтрымаў і яе адвакат, які прысутнічаў на працэсе.
Між тым, суддзя Наталля Чарапуха адхіліла хадайніцтва, адзначыўшы, што ніякіх парушэнняў у матэрыялах справы няма.
Пасяджэнне працягнулася. Былі выслуханы пазіцыі двух бакоў: самой Маўчанавай і прадстаўніка органа, які праводзіў дазнанне, – падпалкоўніка міліцыі Сяргея Рудзько; быў зачытаны пратакол допыту журналісткі. Адвакат Маўчанавай задаў удакладняльныя пытанні боку абвінавачання.
Паводле spring96.org, міліцыянт Рудзько паведаміў, што праводзіў маніторынг інтэрнэт-выданняў "з мэтай выяўлення выказванняў грамадзян супраць супрацоўнікаў міліцыі" і выпадкова патрапіў на "белсатаўскі" матэрыял, падпісаны Марынай Маўчанавай. Ён даслаў запыт у Міністэрства замежных спраў, каб даведацца, ці мае журналістка акрэдытацыю, і атрымаў адмоўны адказ. Тады ён звярнуўся па дапамогу да мінскіх міліцыянтаў. Яны знайшлі гераіню рэпартажу, паказалі ёй фота Маўчанавай, і яна пацвердзіла, што размаўляла з журналісткай у Севастопальскім парку.
У выніку суд прыйшоў да высновы, што патрабуецца заслухаць сведак – супрацоўнікаў МУС, якія маюць дачыненне да органу дазнання і рыхтавалі матэрыялы гэтай справы для суда.
Слуханні працягнуцца 25 верасня а 16-й гадзіне.