Дуня Міятавіч: “Каб гарантаваць свабоду медыя, трэба палітычная воля”


Прадстаўнік АБСЕ па свабодзе СМІ Дуня Міятавіч і намесніца міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына прывіталі ўдзельнікаў семінара «Узаемадзеянне праваахоўных органаў і сродкаў масавай інфармацыі ў Рэспубліцы Беларусь», які праходзіць сёння ў Мінску.

Алена Купчына зазначыла, што гэтая сустрэча – “не першы прыклад канструктыўнага ўзаемадзеяння беларускага МЗС з Офісам Прадстаўніка АБСЕ па свабодзе СМІ”, прыгадаўшы семінар па пытаннях развіцця інтэрнэт-СМІ, што ладзіўся ў чэрвені 2013 года.  

“Беларусь надае вялікае значэнне дыялогу з АБСЕ і ўзаемадзеянню з яе інстытутамі. У межах гэтай арганізацыі назбіраны значны экспертны патэнцыял, які мы зацікаўлены выкарыстоўваць для ўдасканалення нацыянальнага заканадаўства і практыкі яго прымянення ў прыярытэтных галінах дзеля выканання абавязальніцтваў Беларусі ў межах АБСЕ. Медыясфера, якая дынамічна развіваецца ў нашай краіне, не з’яўляецца выключэннем”. Разам з тым, спн. Купчына падкрэсліла, што тэма ўзаемадзеяння міліцыі і журналістаў актуальная не толькі для Беларусі, але і для ўсіх дзяржаў АБСЕ.

“Выбудоўванне канструктыўнага ўзаемедзеяння дзеля эфектыўнага выканання сваіх абавязкаў – важная ўмова забеспячэння інфармаванасці і бяспекі грамадзян”, – зазначыла Алена Купчына і выказала спадзеў, што сустрэча ў Мінску дасць беларускім удзельнікам уяўленне пра замежны досвед і будзе спрыяць скасаванню непаразуменняў, якія ўзнікаюць часам паміж прадстаўнікамі МУС і журналістамі.

Дуня Міятавіч на пачатку прамовы паркрэсліла важнасць удзелу ўрадавых структур у ініцыятывах, якія ажыццяўляюцца ў той ці іншай краіне: “Мы не можам сказаць, што кудысьці рушым, калі ў гэтым руху не ўдзельнічаюць улады”. Па яе словах, ідэя семінара стала вынікам перамоваў Прадстаўніка АБСЕ па свабодзе СМІ з міністрам замежных спраў Беларусі. “Мы будзем працягваць працу і пасля гэтага семінару, ёсць і іншыя пытанні, якія трэба вырашаць, каб палепшыць сітуацыю ў Беларусі”.

Спн. Міятавіч выказала спадзеў, што трэнінг павысіць веды журналістаў пра сваё права збіраць інфармацыю. “Журналісты адказныя за абазначэнне сябе як прэсы і за неўмяшальніцтва ў падзеі, якія яны асвятляюць. Гэта праблема не толькі Беларусі, але і краін, дзе ёсць традыцыі свабоды слова. Абавязкам прадстаўнікоў праваахоўных органаў з’яўляецца ўсведамленне ролі прэсы і стварэнне бяспечнага асяродку для яе працы. Абодва бакі павінныя працаваць сумесна, каб гарантаваць свабоду медыя ў Беларусі. Для гэтага трэба палітычная воля, “пасланне” ад ураду Беларусі”.

У Беларусі назіраюцца пэўныя пазітыўныя зрухі, лічыць спн. Міятавіч. “Колькасць затрыманняў журналістаў у Беларусі істотна зменшылася, але, нават калі будзе адно затрыманне, я буду ўздымаць гэтае пытанне, каб беларускі ўрад бачыў, што я пра гэта ведаю”.

Заканадаўства аб СМІ таксама патрабуе ўдасканалення, і я буду абмяркоўваць гэтае пытанне з урадам Беларусі, – зазначыла спн. Міятавіч. – Я буду працягваць працаваць з урадам, але ў той жа час буду ўздымаць пытанні пра беларусіх журналістаў, якія знаходзяцца ў небяспецы, і іншыя пытанні, якія тычацца парушэння Беларуссю сваіх міжнародных абавязальніцтваў”.

Cемінарам «Узаемадзеянне праваахоўных органаў і сродкаў масавай інфармацыі ў Рэспубліцы Беларусь» распачалася афіцыйная праграма візіту ў Беларусь Прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дуні Міятавіч, якая будзе ў Мінску 15-16 верасня. Мэта прыезду – “абмеркаваць пытанні свабоды СМІ з высокапастаўленымі дзяржаўнымі чыноўнікамі, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і прадстаўнікамі СМІ”, паведамляе прэс-служба Бюро.

У часе візіту спн. Міятавіч сустрэнецца з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем і міністрам інфармацыі Ліліяй Ананіч, іншымі афіцыйнымі асобамі, а таксама з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і сродкаў масавай інфармацыі. Прэс-канферэнцыі па выніках візіту не прадугледжана, – інфармуе Бюро.