У панядзелак у Мінску развітаюцца з Пятром Марцавым
Вядомы выдавец, журналіст Пётр Марцаў пайшоў з жыцця ўвечары 13 верасня. Развітанне адбудзецца 15 верасня з 12.00 да 15.00 у рытуальнай зале па вуліцы Альшэўскага, 12 у Мінску.
Пра гэта сайту charter97.org паведаміў мастак Уладзімір Цэслер.
"Пётр Марцаў памёр гадзіну таму (каля 21.00 - заўв. БАЖ) у шпіталі, не прыходзячы ў прытомнасць. Востры лейкоз. Пра гэта мне паведамілі сябры Пятра", - сказаў Уладзімір Цэслер.
Марцаў Пётр Паўлавіч нарадзіўся 14 красавіка 1962 года ў горадзе Мінску.
Вучыўся ў СШ №4 г. Мінска.
Выпускнік філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта (1984).
У 1984 - 1986 гг. працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў школе рабочай моладзі №19 г. Мінска. У 1986 - 1988 гг. працаваў карэспандэнтам, старшым рэдактарам у Беларускім тэлеграфным агенцтве (БелТА). Вымушаны быў звольніцца пасля свайго ўдзелу ў мітынгах ля Усходніх (Маскоўскіх) могілак і ў Курапатах. Быў загадчыкам аддзела часопіса "Ветразь" (1989 - 1990), уласным карэспандэнтам штотыднёвіка "Коммерсант" па Беларусі, дырэктарам карпункта "Коммерсант" і агенцтва "Постфактум" (1991 - 1993).
У 1992 пачаў займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю: выдаваць газету "Биржи и банки: Белорусская деловая газета" (з 1999 - "Белорусская деловая газета"), штотыднёвік "Имя" (1995 - 1999).
З 1997 года - прэзідэнт ЗАТ "Белорусская деловая газета", галоўны рэдактар "Белорусской деловой газеты".
З 2002 года - генеральны дырэктар УП "Марат", выдавец "Белорусской деловой газеты" і "БДГ. Для служебного пользования". У сакавіку 2006 года выхад "Белорусской деловой газеты" прыпынены ў сувязі з забаронай на яе друк у беларускіх друкарнях і распаўсюджваннем праз РУП "Белпошта" і "Белсаюздрук".
Прадзюсер і адзін з аўтараў сцэнара дакументальнага фільма "Звычайны прэзідэнт" (1996 г.). (Прэмія Міру Берлінскага кінафестываля, 1997 г.)
Уваходзіў у дваццатку самых уплывовых прадстаўнікоў мас-медыя краін СНД (2001).
Мае ганаровы дыплом ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" - "За зацвярджэнне свабоды слова ў Беларусі".
ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" шчыра спачувае сваякам і сябрам слыннага журналіста.
На гэтую ж тэму:
Выдавец «БДГ» Пятро Марцаў згарэў за тры тыдні ад вострага лейкозу